Віцебскія актывісты БХД абмеркавалі з чыноўнікамі праблемныя пытанні гораду
20 чэрвеня сябры ініцыятывы “Віцебск – горад наш”, актывісты аргкамітэта БХД абмеркавалі з намеснікам старшыні Віцебскага гарвыканкама Сяргеям Саглаевым шэраг пытанняў, па якіх ініцыятыва турбуе апошні час чыноўнікаў.
У прыватнасці, іх цікавалі пытанні:
– адкрыцця медыцынскіх офісаў у мікрараёне Білева для дзяцей і жанчын;
– працы офіса для дарослых у Білева;
– змены ў праекце паліклінікі на “Поўдні -7”, што рыхтуецца да адкрыцця і для чаго знянацку спатрэбілася дадатковых 130 тыс. рублёў на перапланіроўку.
“Чыноўнікаў такая лічба прывяла ў ступар, зрабілі выгляд, што ўпершыню аб тым чуюць, хаця інфармацыя ў СМІ была афіцыйная”, – адзначыла Таццяна Севярынец, каардынатар БХД у Віцебскай вобласці.
Таксама актывісты закранулі пытанні неадпавядаючага санітарным нормам стану гарадскога пляжа ў Сакольніках; невыкананне пастановы гарвыканкамам спецкамбінатам па даглядзе за гарадскімі могілкамі ў Клінах; прафарыентацыі выпускнікоў віцебскіх школ, за якімі бесперашкодна “палююць” прадстаўнікі расейскіх вузаў; закінутай рэстаўрацыі парка 1000-годдзя; сабачніку па вуліцы Чкалава, 7.
Апроч таго, адна з прапаноў ініцыятывы была адносна вяртання гістарычнай памяці на вуліцы старажытнага Віцебска. У прыватнасці, сябры ініцыятывы “Віцебск – горад наш” правялі папярэдняе расследаванне ў архівах і краязнаўчым музеі, звязваліся с гісторыкамі, каб удакладніць былую тапаніміку вуліц абласнога цэнтра, прапанавалі сваю дапамогу ў стварэнні эскіза.
“Сустрэча доўжылася амаль дзве гадзіны, была грунтоўнай. Ёсць спадзяванні, што нас пачулі. Ды і чыноўнікі ўжо добра ведаюць, што свае пытанні мы не забудзем і будзем адсочваць, як выконваюцца абяцанні, пра што будзем паведамляць жыхарам горада”, – падкрэсліла Таццяна Севярынец.