Віцебскія сябры БХД атрымалі адпіскі ад чыноўнікаў на хвалюючыя гараджанаў пытанні

02 жніўня 2018 11:26  |  Грамадства

Віцебскія сябры БХД атрымалі адпіскі ад чыноўнікаў на хвалюючыя гараджанаў пытанні

 

Каб залішне не турбаваць высокіх чыноўнікаў і не адрываць іх ад важных дзяржаўных спраў кшталту падрыхтоўкі да чарговага “Славянскага базару”, сябры аргкамітэта БХД, актывісты ініцыятывы “Віцебск – горад наш”, “збіраюць” праблемныя пытанні і падчас сустрэчы іх агучваюць:ад 10 да 15. Прыкладна так было і на сустрэчы 20 чэрвеня ў намесніка старшыні Віцебскага гарвыканкама сп. Саглаева.

Як сведчыць практыка, замнога… І хаця на сустрэчы прысутнічаюць звычайна прадстаўнікі розных службаў (у залежнасці ад тэматыкі праблем), ім цяжка ўсвядоміць, што ўсё ж адказваць трэба канкрэтна… А з канкрэтыкай існуюць пэўныя праблемы… Ну вось вам прыклад: сярод агучаных пытанняў было пытанне наконт стану шматкватэрнага дома па вул. Чкалава, 7,к 2. Атрымліваем адказ, дзе гучыць бадзёрая справаздача, што створаная камісія даследавала дом, выявіла шэраг недахопаў і зараз гэты дом будзе ўключаны ў план на капітальны рамонт… Дом па вул. Чкалава,7.к 1… Мы ж заяўлялі пра к.2.

Гэта розныя дамы. Так, знаходзяцца побач, паралельна адзін аднаму. Ну дык якая розніца чыноўнікам? Ім і ўсе дамы, і жыхары ў іх– на адзін твар… Канешне, прыйшлося ісці і разбірацца. 

Ці, напрыклад, па адкрыцці медыцынскіх офісаў у мікрараёне Білева, што па напрацаванай чыноўнікамі звычцы пераносіцца з года ў год і то замест плануемай і ўжо зніклай з планаў шматпрофільнай паліклінікі. 

Пытанне гучала: КАЛІ? Вось вам прыклад адказу (на фота). Мы чыталі яго і ўздоўж і ўпоперак, чыталі яго сакратары ў аблвыканкаме, і так не змаглі знайсці сэнс у адказе за подпісам начальніка ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Ю.М. Дзеркача. Прыйшлося запісацца на прыём, каб сам асабіста растлумачыў, бо няма ў нас спецыяльных ведаў іх птушынай мовы…

Час імчыць, жыццё праходзіць, а чынушы адчуваюць сабе спакойна, атрымліваюць свой неблагі заробак штомесяц за засвоенае імі абыякавае стаўленне да праблем і бед простых людзей, якім яны слугі. 

Перлы адказаў на запыты ужо складаюць цэлыя нізкі караляў, якія зашмаргай сцягваюцца на нашых шыях. Дыхаем яшчэ?

Таццяна Севярынец

Болей навін