Гарадзенская БХД прапануе зрабіць Дзяды дзяржаўным святам
Гарадзенскія сябры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі пачалі акцыю па збору подпісаў пад зваротам на імя кіраўніка Беларусі, каб 2 лістапада стала дзяржаўным выходным днём. 7 лістапада, як свята бальшавікоў, павінна быць прыбрана з ліку выходных. Кажа старшыня Гарадзенскага гарадскога камітэта па стварэнні партыі БХД Яўген Дудкін:
– Мы прапануем перанесці дзяржаўны выходны дзень з 7-га лістапада на 2-га лістапада. Тры галоўныя вынікі, якія прапануем уладам, чаму гэта варта зрабіць. Першае, мы выконваем у поўнай меры артыкул 2.4 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Другое, фактычна ўмацоўваюцца сямейныя каштоўнасці праз наведванне членамі сям’і могілак продкаў. І канешне ж у рамках абвешчанай кіраўніком дзяржавы Годам малой радзімы. Мы далучаемся, каб людзі звярталі больш увагі на сваю малую радзіму.
На думку складальнікаў звароту, свята Дзяды ўмацоўвае сямейныя каштоўнасці, патрыятызм, а таксама адпавядае канстытуцыі краіны пра дэідэалагізацыю грамадскага і культурнага жыцця. Арганізатары плануюць весці кампанію па зборы подпісаў цягам двух месяцаў.