Каб пракласці водаправод, жыхароў Суйкава пакінуць без тэлебачання, тэлефону і інтэрнэту (відэа)
У кастрычніку аднавілася будаўніцтва водаправода ў вёсцы Суйкава Віцебскага раёна. За гэты час забудоўшчык замяніў трубы па вуліцы Новая, праклаў 200 метраў трубы па вуліцы Партызанская і 300 метраў па вуліцы Камуністычная – агулам не больш за кіламетр.
“Дні, у якія тэхніка працавала можна пералічыць па пальцах, у асноўным стаяла пустой. У дадзены час зямлю скавала маразамі, і будаўнікі не ўяўляюць, што рабіць. Па вуліцы Камуністычная трактары не могуць падняцца ў гару, каб даставіць да месца бетонныя кольцы. Прыйшлося экскаватарам перацягваць пясок з кучы, якая была для адсыпкі дарогі па вуліцы Партызанская, каб засыпаць абледзянелы ўздым праезду. Прывезлі ўстаноўку для прапілкі траншэй – не атрымліваецца, экскаватары ламаюцца бясконца, у вусенічнага рвуцца вусені”, – адзначае актывістка БХД Алена Янушкоўская.
На гэтым фоне мясцовая ўлада накіравала працаўнікоў сельсавета збіраць заявы са згодай людзей на адсутнасць сувязі – тэлефону, інтэрнэту, тэлевізару на працягу двух тыдняў, бо тэхніка УКБ будзе ірваць кабель.
“Людзі згодныя, бо нацярпеліся без вады, згодна і я, але ўсе абяцанні на словах, няма ні аднаго дакумента, ні гарантый, ні абавязкаў. Сёння адбыўся сакрэтны працоўны сход у Суйкава. Добра, што мне паведамілі пра гэта людзі, я прыйшла своечасова, і паспела пагаварыць з уладамі, і забудоўшчыкамі, дзе пачула ў свой адрас абвінавачванні, што мне патрэбен скандал, а не водаправод для людзей. Аднак на мае патрабаванні прад’явіць дакументальна гарантыі і абавязацельствы старшыня РВК Генадзь Сабынч адказаў, што гарантый нам ніхто не дасць. Таксама мне ніхто не патлумачы,ў навошта ім наша пісьмовая згода калі раней яе ніколі не пыталіся, і скаргі іх не палохалі”, – адзначае актывістка.
“Прысутнічала адна з мясцовых жыхарак, крычала на мяне, што я адзіная не дала згоды, і праз мяне ўсё спыніцца. Я разумею яе нецярпенне, сама чакаю водаправода, як манны нябеснай, шкада толькі, што яна не разумее, што сваёй адмовай я абараняю іх інтарэсы, каб насельніцтва зноў не зрабілі крайнімі, бо дакументальных гарантый няма, абавязацельстваў няма, і ў будучыні нас могуць на доўга пакінуць без сувязі – скажуць грошай няма, цярпіце, а то яшчэ і за кабель парваны УКБ плаціць прымусяць. Мясцовым жыхарам прысутнічаць на сходзе забаранілі, выгналі. Паколькі я вельмі жадала застацца на дадзенай нарадзе, старшыня РВК аддаў каманду падначаленым ісці за ім у выканкам. І чаму яны так баяцца, чаму хаваюць свае твары, не жадаючы, каб іх фатаграфавалі, чаму так баяцца відэаздымкі, якія сакрэты ў іх ад народа?” – задаецца пытаннем Алена Янушкоўская.