Віцебскія чыноўнікі і дэпутаты забаранілі здымаць на відэа іх зносіны з вяскоўцамі (відэа)
У вёсцы Пестуніца Віцебскага раёна адбыўся сход жыхароў, прысвечаны пераносу цэнтра Заронаўскага сельсавета. Дэталі сходу распавяла актывістка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алена Янушкоўская:
«Ужо ўвайшло ў традыцыю, што кожны сход людзі пачынаюць з таго, што выказваюць сваё абурэнне уладам за несвоечасовае апавяшчэнне аб плануемых мерапрыемствах. У чарговы раз гэта зрабіла я, бо аб’явы аб маючай адбыцца падзеі з’явіліся ў населеных пунктах Заронаўскага сельсавета ўсяго за некалькі гадзін да сходу. На сходзе было каля 15 мясцовых жыхароў, астатняя маса прысутных, лікава пераўзыходных, складалася з мясцовых і раённых дэпутатаў і работнікаў розных дзяржструктур. Пачаў сход старшыня Віцебскага раённага Савета дэпутатаў – Дарожкін В.У., яки паклаў віну за падзею на вяскоўцаў, абвінаваціўшы іх у распусканні чутак і плётак пра перанос Заронаўскага сельсавета з Пестуніцы ў Заронава, што было вельмі непрыгожа, бо я, змагаючыся супраць чарговага – антынароднага дзеяння мясцовай улады, паспела пагаварыць з рознымі яе прадстаўнікамі, дзе было дакладна вызначана, што пераезд Заронаўскай адміністрацыі – справа вырашаная, і вяскоўцы былі ў курсе. І гэтак жа інфармаваліся мною падчас развіцця сітуацыі.
Непасрэдны ўдзел у вырашэнні гэтай праблемы прыняў старшыня Віцебскага аблсавету дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, які быў нямала здзіўлены тым, што адбываецца, і выказаў сваё абурэнне ў тэлефоннай размове, сказаўшы, што дадзенае рашэнне антыдзяржаўнае, і тут асабістая зацікаўленасць старшыні Заронаўскага сельсавета, бо яна пражывае ў Заронаве, чым пацвердзіў словы заклапочаных жыхароў. Таксама адзначыў, што нават пры жорсткіх спрэчках і рознагалоссях МЭТА У НАС АДНА – КАБ ЛЮДЗЯМ жылося добра, і выказаў падзяку мясцовым жыхарам за неабыякавасць, і своечасовы сігнал. Мы, вяскоўцы, у сваю чаргу хочам выказаць падзяку Уладзіміру Уладзіміравічу за сумленнасць і прынцыповасць! Увесь гэты час, да вырашэння гэтай праблемы, ён знаходзіўся са мной на сувязі, падтрымліваючы нас.
Сход быў працягнуты тым, што Дарожкін вынес на галасаванне забарону відэаздымкі, спаслаўшыся на закон, які не тычыцца таго, што адбывалася, бо чыноўнікі з’яўляюцца публічнымі асобамі, знаходзяцца на працоўным месцы, дзейнасць іх галосная, а відэаздымка вядзецца як фіксацыя факту таго, што адбываецца. Тым не менш, ён правёў незаконнае галасаванне, дзе за забарону прагаласавалі былыя і дзеючыя дэпутаты і група падтрымкі адміністрацыі. Заўважу, што на відэа выразна відаць, як старшыня сельсавета Пека З.П. пасля галасавання здымае прысутных на асабісты тэлефон. Мабыць, яе прывілеяванае становішча дазваляе ёй рабіць тое, супраць чаго яна так заўзята выступае, чаго так па-вар’яцку баіцца.
Уцячы ад людзей, не даўшы ім выказацца па набалелых пытаннях, прадстаўнікам улады не атрымалася, і сход рэзка перайшоў на абмеркаванне праблем жыхароў сельсавета. Не абышлося без чарговых канфузаў: на мае прэтэнзіі, па якіх звярталіся да мяне жыхары сельсавета да працы Пека З.П., заўзятая абаронца ўсіх былых і дзеючых старшыняў мясцовай адміністрацыі Нікіціна Л.К. вельмі эмацыйна, на мяжы абраз, накінулася на мяне, але была рэзка спыненая сваімі паплечнікамі і абурэннем залы. Я, вядома, падтрымліваю Людмілу Канстанцінаўну ў грамадскай дзейнасці, захапляюся яе ініцыятывамі, але не разумею, як можна абараняць тых, хто давёў мясцовасць да краху, хто, прыйшоўшы ім на змену, працягвае традыцыі па замоўчванні праблем замест іх рашэння і стварае новыя. Характэрна, што за час правядзення сходу, дзе людзі абураліся, выказваючыся па масе праблем, ні адзін дэпутат, які жыве з імі бок аб бок, не падаў голас – у іх, як відаць, усё добра.
Далей сход прайшоў у рабочым ключы, людзі выказаліся, і атрымалі кучу чарговых абяцанняў, не спадзеючыся на іх выкананне, але натхніўшыся рашэннем асноўнага пытання. Зразумелі – многае залежыць ад іх, і трэба змагацца, пра што і казалі мне пасля сходу, дзякуючы за ўдзел.
Асноўныя пытанні, узнятыя на сходзе: расчыстка дарог; якасць вады; газіфікацыя; барацьба з баршчэўнікам; перанос і абсталяванне дзіцячай пляцоўкі; падатак на самаабкладанне; бедны асартымент у крамах, высокія цэны, перабоі з першараднымі прадуктамі, такімі як цукар, ядомы хлеб і іншае; рамонт прыпынку, які ўлады абяцаюць выканаць які год, і ён рызыкуе абрынуцца школьнікам на галаву; поўная адсутнасць прыпынку ў іншы бок; беспрацоўе».