Менгарвыканкам адстойвае двухмоўныя шыльды ў сталіцы
Актывістка БХД Галіна Каржанеўская атрымала адказ з Мінгарвыканкама за подпісам намесніка старшыні А.М.Цурана. Ён падзякаваў аўтара звароту за актыўную грамадзянскую пазіцыю, але не прыняў да ведама ніводнай прапановы.
Нагадваем, што ў звароце ішла гаворка аб рускамоўных шыльдах – назвах вуліц, якія мінчукі ў апошні час заказваюць і змяшчаюць на жылых і офісных будынках, што парушае прынятую ў сталіцы норму. Пісьменніца лічыць неабходным нагадаць у СМІ пра існуючы закон і ўвесці адміністратыўнае пакаранне за саматужныя шыльды неўстаноўленага ўзору.
У адказе гаворыцца: “У адпаведнасці з артыкулам 17 Закона Рэспублікі Беларусь “О наименованиях географических абъектов” найменні састаўным часткам населеных пунктаў у Рэспубліцы Беларусь прысвойваюцца на беларускай мове. Напісанне найменняў састаўных частак на шыльдах можа ажыццяўляцца як на беларускай, так і на рускай мовах.”
“Я, прызнацца, не разабралася з гэтымі “састаўнымі часткамі” і не зразумела, у якім законе замацавана правіла беларускамоўных шыльдаў у сталіцы. Відавочна, што гарвыканкам не хвалююць рускамоўныя шыльды, як і ўсё астатняе, што тычыцца статусу беларускай мовы ў нашай краіне”, – гаворыць грамадская актывістка.