У Віцебску адкрылі паліклініку, за якую змагаліся сябры БХД (фота)

12 сакавіка 2019 23:38  |  Грамадства

У Віцебску адкрылі паліклініку, за якую змагаліся сябры БХД (фота)

 

Нарэшце, здарылася: у Віцебску адкрылі шматпакутную паліклініку на Поўдні-7А. Зразумела, пад фанфары. Зразумела, у прысутнасці ўсіх высокіх і ніжэйшых чыноўнікаў вобласці і горада і не толькі ад медыцыны. Тут былі і губернатар вобласці Шарснёў, і мэр горада Мікалайкін, які ўрачыста пераразаў чырвоную стужку, і галоўны доктар вобласці Дзеркач. і нават цэлы прэм’ер-міністр Румас, які, аказваецца, у бытнасць сваю дырэктарам банка выдзеліў для завяршэння будаўніцтва, а яно доўжылася амаль 10 гадоў, вялікі крэдыт.

Нас, актывістаў ініцыятывы “За якасную медыцыну для ўсіх”, сябраў аргкамітэта БХД, хто у 2014 годзе разгледзеў за высокім будаўнічым плотам сумуючыя без працы краны, сваі, шыльду з даўно пратэрмінаванымі датамі заканчэння будоўлі гэтай паліклінікі, узяўся за калектыўны зварот ва ўсе інстанцыі, хадзіў па кабінетах, літаральна “браў за горла” адказных асоб у розных стадыях выканання рашэння пасля зваротаў паліклініку дабудаваць – ніхто не запрасіў. Мы і не прэтэндавалі. Галоўнае, яшчэ раз даказалі і сабе, і тым, хто не верыў, хто ўспрымаў нашыя паходы як аферу, што ўсё ў нашых руках.

Адкрыццё было напярэдадні любімага савецкага свята, 7 сакавіка, але дзверы для пацыентаў паліклініка адкрыла толькі 11-га. Зразумела, мы наведалі гэтую цуда-паліклініку.

Людзей вельмі шмат, у рэгістратуры, а іх тут і тэрапеўтычная, і стаматалагічная, і дзіцячая, і жаночая – чэргі. Некалькі жвавых жанчынак у белых халатах перасоўваюцца скрозь натоўп і рэгулююць рух, бо ў паліклініцы аж тры корпусы, ёсць і басейн, і вадалячэбніцы і ўсё, што захочаш, Не ўсё яшчэ працуе. Яшчэ не ўсё падключана і абсталявана. Але гэта праблемы часовыя, як сведчаць дактары. Пакуль усё чысценька, пахне будматэрыяламі, ліфты скрыпяць ад напругі, развозячы па паверхах людзей і абсталяванне.

Ну што, жыццё ідзе далей, а ў нас назапашана нямала “медыцынскіх” пытанняў да доктара Дзеркача (начальнік абласнога ўпраўлення аховы здароўя), якія мы яму зададзім 19 сакавіка. Віцебску – якасную медыцыну!

Таццяна Севярынец

Болей навін