У Магілёве абмеркавалі досвед Швецыі і прапановы па барацьбе з алкагалізацыяй (фота)

11 лютага 2019 23:45  |  Грамадства

У Магілёве абмеркавалі досвед Швецыі і прапановы па барацьбе з алкагалізацыяй (фота)

 

У межах працы беларуска-шведскай пляцоўкі «Паглыблены дыялог» 9 лютага ў Магілёве адбыўся круглы стол  „Дэалкагалізацыя Беларусі і рэформа аховы здароўя” з удзелам прадстаўнікоў партый БХД, АГП і БСДП (Грамада).

Паводле статыстыкі за 2016 год, кожны беларус выпівае 11,2 літры чыстага спірту за год. У той жа час, згодна з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, крытычным паказчыкам з’яўляецца 8 літраў на душу насельніцтва, пасля чаго адбываецца дэградацыі грамадства ў дэмаграфічным, сацыяльным, эканамічным і культурніцкім накірунках.

У 2017 годзе міліцыя склала на беларусаў 287 тысяч пратаколаў за распіццё спіртовых напояў у недазволеных месцах і 22 тысячы пратаколаў за кіраванне аўтамабілем ў стане алкагольнага ап’янення.

Згодна статыстыцы Беларусі – у 2017 годзе:

– Каля 1 мільёна беларусаў злоўжываюць алкаголем;

– 245 000 беларусаў стаяць на ўліку

– 1 497 чалавек памерла ад выпадковага атручэння алкаголем;

– 83 чалавекі загінулі і 374 атрымалі траўмы ў ДТЗ, учыненых па віне нецвярозых вадзіцеляў;

– 12 770 крымінальных злачынстваў здзейснена асобамі ў стане алкагольнага ап’янення.

У межах круглага стала ў Магілёве сустаршыня аргкамітэта БХД Вольга Кавалькова распавяла ўдзельнікам пра тое, якая сёння сітуацыя са спажываннем алкаголя ў Беларусі і як шведы здолелі перамагчы татальную алкагалізацыю насельніцтва. Разам з менскімі гасцямі магілеўчане абмеркавалі, ці дапамогуць абмежаванні доступу да спіртовых напояў, і ў якім стане сёння медыцынская дапамога залежным асобам.

Кажа Вольга Кавалькова:

«Падчас кольнага стала мы абмеркавалі досвед Швецыі ў барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва, бо у пачатку мінулага стагоддзя шведы ўжывалі больш за 40 літраў на аданаго чалавека, зараз гэты паказчык каля 9 літраў. Як паказвае досвед і даследванні, самымі дзейснымі мерамі з’яўляюцца абмежаванне доступу і добра арганізаваная як медычная, так і сацыяльная дапамога сем’ям.

Паколькі гэта праблема, як і пытанні аховы здароўя і пенсійнай рэформы зараз з’яўляецца вельмі актуальнымі, то мы лічым важным і патрэбным абмяркоўваць іх у грамадстве і прапаноўваць эфектыўныя меры для вырашэння гэтай праблемы. Мы прапануем:

– для павышэння эфектыўнасці работы цэнтраў і арганізацый, якія аказваюць бязвыплатную дапамогу людзям з алкагольнай залежнасцю і іх сем’ям, вылучаць на ільготных умовах памяшканні для іх працы;

– за кошт падаткаў ад рэалізацыі алкагольнай прадукцыі ствараць і трансляваць сацыяльную рэкламу пра здаровы лад жыцця і магчымыя варыянты правядзення вольнага часу, які замяняе ўжыванне алкаголю, а таксама распаўсюджваць у СМІ інфармацыю аб цэнтрах, якія займаюцца дапамогай алкаголезалежным людзям;

– стварыць даступную інфраструктуру для правядзення сямейнага вольнага часу;

– размясціць на этыкетках бутэлек адзіны нумар тэлефона гарачай лініі, патэлефанаваўшы па якім, залежны чалавек ці яго сям’я могуць атрымаць інфармацыю аб тым, дзе аказваецца дапамога ў яго рэгіёне;

– дазволіць продаж алкаголю і піва з 9.00 да 23.00;

– дазволіць продаж алкаголю і піва толькі ў спецыялізаваных крамах ці аддзелах магазінаў, якія маюць асобны ўваход, а таксама не прадаваць алкаголь на аўтазапраўках;

– не прадаваць у перыяд галасавання алкаголь у будынках, у якіх размяшчаюцца выбарчыя камісіі, і на адлегласці 500 метраў ад іх;

– спыніць вытворчасць і продаж пладова-ягадных вінаў;

– ліквідаваць ЛПП, як сістэму неэфектыўнай і карнай практыкі;

– стварыць у школах, ВНУ, Сузах ў рамках ўжо наяўнага валанцёрскага руху «Роўны навучае роўнага» шырокую сетку валанцёрскіх праектаў, накіраваных на фарміраванне ва ўдзельнікаў цвярозага ладу жыцця.

 

 

У Магілёве абмеркавалі досвед Швецыі і прапановы па барацьбе з алкагалізацыяй (фота)

 

 

 

Болей навін