«Усё ў нас робіцца праз адно месца». 5 гадоў людзі чакаюць водаправод (відэа)

13 красавіка 2019 10:21  |  Грамадства

«Усё ў нас робіцца праз адно месца». 5 гадоў людзі чакаюць водаправод (відэа)

 

Жыхары вёскі Суйкава, што пад Віцебскам, ужо колькі гадоў жывуць у чаканні водаправоду. Цягам пяці гадоў працы то распачынаюцца, але неўзабаве спыняюцца.

«Хто жыве ў вёсцы, той разумее, што такое вада. Напаіць свойскую жывёлу, вось у мяне дзве каровы – гэта прыкладна 150 літраў на дзень. Усё гэта трэба прынесці. Ці ты сам пасля працы гэтым займаешся, ці – твае дзеці», – распавядае жыхар Суйкава Міхаіл Макараў.

Вяскоўцам абяцалі, што водаправод нарэшце запрацуе ў пачатку бягучага года, аднак гэтага не адбылося. Выявілася, каб закончыць працы зноўку не стае грошай.

«Адказаў нам выканкам, што ўсе грошы, якія былі выдаткаваныя на будаўніцтва водаправоду, перанакіраваныя на развіццё аршанскага рэгіёна, – кажа актывістка БХД Алена Янушкоўская з Суйкава. – Атрымліваецца, што там развіваюць, а тут нішчаць. 700 метраў водаправоду засталося, які будуюць пяць год. І вось гэтай дробязі ім не хапіла».

Што праўда, дзе нідзе ў вёсцы правялі ваду ды ўсталявалі калонкі. Аднак пры гэтым знішчылі дарогі, і аднаўляць іх ніхто не збіраецца.

«Не ведаю, што лепш: быць з вадою або без дарогі? Вось такой дарогі. Як тут можна ездзіць. Усё ў нас робіцца праз адно месца», – абураецца спадарыня Янушкоўская.

«Я шмат разоў звярталася ў сельсавет, – кажа Алена Сівіцкая. – І ў райвыканкам тэлефанавалі, аднак дарогу аднаўляць нам не збіраюцца».

Праз Суйкава праходзіць адзіная дарога ў суседнюю вёску – Чопіна. Але цяпер яе фактычна няма… І тамтэйшым жыхарам даводзіцца дабірацца дамоў па полі.

«Узімку яшчэ можна было праехаць, пакуль зямля прамёрзлая была. Цяпер праехаць немагчыма, – паскардзіўся нам жыхар Чопіна Барыс Шаптун. – Я – інвалід другой групы, сусед – першай. Ён у дзяцінстве быў вязнем канцлагеру. А цяпер ён вязень які? Вязень уладаў ці што?»

Мы звярнуліся да в.а. старшыні Заронаўскага сельсавету Зоі Пека, каб даведацца, калі ж у Суйкава дабудуюць водаправод і адновяць пашкоджаныя дарогі.

«Ну, я не в курсе таго, што грошы перайшлі ў Аршанскі раён, таму з кіраўніцтвам на гэты конт я не размаўляла. І пакуль я не ў курсе справы, я не магу вам канстатаваць дадзены факт або абвергнуць яго. Будзем даведвацца, будзем намагацца нешта рабіць».

Выходзіць, што жыхары Суйкава ўжо атрымалі адказ з райвыканкаму, а ў мясцовым сельсавеце пра гэта нічога не ведаюць. Таццяна Севярынец з грамадскай ініцыятывы «Віцебск – наш горад» ведае пра праблему жыхароў Суйкава. Спадарыня Таццяна кажа, што ў дадзеным выпадку вяскоўцам можа дапамагчы вялікая скарга ў пракуратуру.

«Я ведаю, колькі часу людзі змагаюцца за тое, што ёсць, але менавіта Пракуратура і па гэтай ветцы Пракуратуры ісці і далей, да Генеральнай пракуратуры, таму што гэта ўжо ўсё, гэта бязмежжа»,– адзначае Таццяна Севярынец.

Белсат

Болей навін