Хрысціянскія дэмакраты наведалі Барысаў, каб ушанаваць памяць Віктара Шутовіча (фота)
30 кастрычніка Маладыя хрысціянскія дэмакраты на чале са старшынёй Надзеяй Гацак і разам з сустаршынёй БХД Паўлам Севярынцам наведалі Барысаў, дзе ўшанавалі памяць беларускага каталіцкага святара Віктара Шутовіча, дзень нараджэння якога святкаваўся напярэдадні.
Павел Севярынец распавёў пра жыццё Віктара Шутовіча. На магіле святара запалілі свечкі. Хадэкі таксама памаліліся “Ойча наш” і праспявалі “Магутны Божа”.
Віктар Шутовіч нарадзіўся 27 кастрычніка 1890 года. У 1913 годзе стаў святаром. Служыў у Свянцянах, на Браслаўшчыне, у Лідзе, на Падляшшы і ў ЗША. У 1928 годзе за сваю прабеларускую дзейнасць быў асуджаны польскім судом, але неўзабаве амніставаны. У 1945 годзе арыштаваны ў Менску савецкімі ўладамі і асуджаны на 10 гадоў. У 1956 годзе пасля вызвалення атрымаў нелегальную парафію ў Барысаве, дзе і памёр 1 сакавіка 1960 года.