Павел Севярынец: Верым! Можам! Пераможам!
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец звярнуўся да беларусаў з нагоды акцыі пратэсту супраць інтэграцыі 20 снежня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.
“Сябры!
Думаю, вы ўжо бачылі старанна зрэжысіраваную фальшывую гістэрыку пра дзяцей на афіцыйных тэлеканалах.
Калі рэжым у сваім гандлі краінай выстаўляе беларускіх дзяцей як жывы шчыт і палохае правакацыямі, цісканінай ды “палітычнымі амбіцыямі” – значыць, у іх ёсць звесткі, што людзей будзе шмат.
Таксама гістэрыка пакліканая пераключыць увагу з гісторыі з забойствамі Захаранкі, Ганчара ды Красоўскага.
Беларусы сапраўды абураныя таемнымі перамовамі Пуціна з Лукашэнкам – і шматлікія апытанні, форумы ды заявы толькі пацвярджаюць: наш народ ня хоча ніякай “паглыбленай інтэграцыі”.
Пачаліся затрыманні і суткі. Арыштаваныя кіраўнік Маладога Фронту Дзяніс Урбановіч, каардынатары “Еўрапейскай Беларусі” Яўген Афнагель і Максім Вінярскі, затрыманыя кіраўнікі гарадзенскіх пратэстаў Вадзім Саранчукоў і Сяргей Верамеенка.
Беларусаў спрабуюць запалохаць. Але маўчаць і сядзець па хатах тут нельга.
А 18.00 МЫ ЗБІРАЕМСЯ НА ПЛОШЧЫ КАЛІНОЎСКАГА (КАСТРЫЧНІЦКАЙ), не паддаемся на правакацыі, разгортваем бел-чырвона-белыя сцягі і спакойна, мірна пераходзім да месца правядзення мітынгу.
Магчыма, яны палохаюць, каб збіць хвалю і пакінуць на вуліцах некалькі соцень удзельнікаў, каб потым глуміцца з нешматлюднасці пратэсту.
Магчыма, і праўда будуць хапаць людзей. На гэты выпадак бярэм з сабой зубную шчотку, пасту, ссабойку ды цікавую кнігу.
Абавязкова паведамляйце пра ўсе выпадкі затрыманняў – пішыце мне (калі возьмуць мяне, адкажа мая жонка Воля), іншым дэмакратычным лідарам ці наўпрост праваабаронцам (“Вясне”).
У любым разе – вучыце наша нацыянальныя гімны, каб спяваць разам (тэксты і запісы ў каментарах пад пастамі). Ведайце: абарона незалежнасці – паводле Канстытуцыі АБАВЯЗАК грамадзяніна Беларусі.
ВЕРЫМ! МОЖАМ! ПЕРАМОЖАМ!”