Тры суды – тры штрафы. Прыхільнікаў незалежнасьці аштрафавалі на 2160 рублёў
23 студзеня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску судзьдзя Міхаіл Юрчанка аштрафаваў грамадзкіх актывістак Натальлю Сьпірыдонаву на 25 базавых велічынь, а Тацяну Севярынец – на 30. У той жа час у судзе Віцебскага раёну Міхаіл Зубеня прысудзіў Алене Янушкоўскай 25 б.в. Усіх трох зьвінавацілі паводле ч.1, арт. 23.34 КаАП.
25 базавых – за заклік у абарону незалежнасьці
Натальля Сьпірыдонава ў суд не зьявілася. Разгляд адбыўся безь яе ўдзелу і ў хуткім рэжыме. Летась 26 сьнежня яна праз свой акаўнт у «Фэйсбуку» заклікала да ўдзелу ў пікеце, заплянаваным на 29 сьнежня. Як палічылі праваахоўнікі, сваімі дзеяньнямі яна парушыла «Закон аб парадку арганізацыі і правядзеньні масавых мерапрыемстваў».
У якасьці доказу ў матэрыялах справы ўтрымліваецца рапарт участковага і скрыншот старонкі акаўнту.
Пасьля агучваньня матэрыялаў справы судзьдзя Міхаіл Юрчанка аштрафаваў Натальлю Сьпірыдонаву на 25 базавых велічынь (675 рублёў).
25 базавых за заклік і 5 за недавер суду?
Як паведаміў судзьдзя Юрчанка, Тацяна Севярынец загадзя папярэдзіла, што на судовае паседжаньне ня зьявіцца. Яна перадала заяву, у якой выказала недавер суду, які назвала «рэпрэсіўным органам». Падставаў для адводу судзьдзі ў заяве Севярынец ня ўбачыў і працягнуў вывучаць матэрыялы адміністрацыйнай справы безь яе ўдзелу.
Паводле пратаколу, 24 сьнежня мінулага году на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Севярынец разьмясьціла тэкст, у якім заклікала віцяблян да ўдзелу ў мірным пратэсьце «супраць інкарпарацыі краіны ў склад Расеі».
Як вынікае з заявы, Тацяна Севярынец прызналася, што заклікала грамадзянаў паўдзельнічаць 29 сьнежня ў мірным сходзе для выказваньня свайго меркаваньня наконт захаваньня незалежнасьці Беларусі. Але заявіла, што ў яе дзеяньнях адсутнічае склад правапарушэньня. Судзьдзя Юрчанка аштрафаваў Тацяну Севярынец на 30 базавых велічынь (810 рублёў).
675 рублёў – за ўдзел у менскай акцыі пратэсту
У судзе Віцебскага раёну адміністрацыйную справу Алены Янушкоўскай разглядаў судзьдзя Міхаіл Зубеня.
Актывістку судзілі за ўдзел у менскай акцыі пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. Разбор адбыўся без прысутнасьці «правапарушальніцы» і прайшоў па накатанай каляіне: ч.1, арт. 23.34 КаАП – штраф 25 базавых велічынь (675 рублёў).
24 студзеня ў Алены Янушкоўскай адбудзецца чарговы суд (суд Віцебскага раёну, 15.00). У гэты ж дзень судом Чыгуначнага раёну Віцебску будзе разгледжаная адміністрацыйная справа, заведзеная на віцябляніна Аляксандра Якушкова – за ўдзел у сьнежаньскім пікеце ў Віцебску (пачатак суду – 10.00).