Віталь Рымашэўскі: Канчатковага спісу ўдзельнікаў праймерыз яшчэ няма

01 сакавіка 2020 12:31  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: Канчатковага спісу ўдзельнікаў праймерыз яшчэ няма

 

На чарговым паседжанні штабу па правядзенні праймерыз – народнага галасавання для абрання адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары ад дэмакратычнай кааліцыі была заслухана справаздача кантрольнай камісіі. Яна правяла праверку подпісаў і іншых дакумантаў, прадстаўленых усімі шасцю кандыдатамі, якія вырашылі ўдзельнічаць ў праймерыз, – распавёў сябра штабу, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

– Гэта датычылася не толькі Ганны Канапацкай і Вольгі Кавальковай, якія збіралі подпісы, каб вылучыцца, але таксама іншых прэтэндэнтаў, каторым не трэба было подпісы здаваць у іх падтрымку, бо яны вылучаліся ад партый, але таксама пратаколы вылучэння правяралі і правільнасць пададзеных дакументаў. Ніякіх рашэнняў па выніках гэтай праверкі мы не выносілі. Прадстаўнікі арганізацыі прынялі інфармацыю даведама, каб абмеркаваць у сваіх арганізацыях. У нас ёсць час каб, абмеркаваўшы і прыняўшы рашэнні ўнутры арганізацый, 3 сакавіка прыняць рашэнне аб рэгістрацыі або нерэгісторацыі кандыдатаў.

4 сакавіка адбудзецца прэсавая канферэнцыя, на якой будзе прадстаўлены канчатковы спіс удзельнікаў праймерыз. А з 6 сакавіка пачнуцца першыя сходы па галасаванні за адзінага кандыдата. Першы сход адбудзецца ў Гарадку Віцебскай вобласці, – распавёў Віталь Рымашэўскі.

Нагадаем, што ў праймерыз плануюць удзельнічаць кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Казлоў, старшыня Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч, сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова і Павел Севярынец, намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і Ганна Канапацкая, былы дэпутата Палаты прадстаўнікоў. 
Радыё Рацыя

Болей навін