У Менску адбылося чарговае выбранне дэлегатаў на ўстаноўчы з’езд БХД і Беларускі еўрапейскі форум
15 кастрычніка ў Менску адбылося выбранне дэлегатаў на ўстаноўчы з’езд партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) і Беларускі еўрапейскі форум.
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Аляксей Шэін паведаміў агенцтву БелаПАН, што партыя аб’ядноўвае прыкладна 1,8 тыс. членаў і дамагаецца рэгістрацыі. Паводле яго слоў, 28 лютага адбыўся ўстаноўчы з’езд БХД, аднак Міністэрства юстыцыі не зарэгістравала партыю, бо з 1.072 заснавальнікаў шэсць чалавек адмовіліся ад сваіх подпісаў. “Мы мяркуем, што гэта звязана з кампаніяй запалохвання заснавальнікаў БХД”, — сказаў Шэін.
Паводле яго слоў, напярэдадні лістападаўскага рашэння Еўрасаюза аб санкцыях у дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў вырашана правесці новы, “больш масавы і відовішчны” ўстаноўчы з’езд БХД і вызначыць стаўленне партыі да прэзідэнцкіх выбараў. “Калі ўлады не дадуць памяшканне для з’езда, ён будзе праведзены 31 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы сталіцы.
Аляксей Шэін таксама адзначыў, што 14 лістапада ў Мінску запланавана правядзенне маштабнага Беларускага еўрапейскага форуму з удзелам прыкладна тысячы дэлегатаў і гасцей, у тым ліку старшыні і дэпутатаў Еўрапарламента. Паводле слоў Шэіна, форум скіраваны на аб’яднанне тых сіл краіны, у тым ліку аргкамітэта БХД, Партыі БНФ і руху “За Свабоду”, якія выступаюць “за прабеларускі і праеўрапейскі выбар” развіцця грамадства. Форум павінен прадэманстраваць беларускай і міжнароднай супольнасці наяўнасць у краіне “дастатковых сіл” — партый, арганізацый і асоб, якія прытрымліваюцца прабеларускіх і праеўрапейскіх каштоўнасцей. “Аднак на гэтым форуме не будзе вылучацца кандыдат для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах”, — сказаў Шэін.
Сход БХД быў сумешчаны з барадаўскім канцэртам. Член аргкамітэта па стварэнні БХД Валерыя Чарнаморцава паведаміла, што з ініцыятывы сустаршыні БХД Паўла Севярынца другі год рэалізуецца праект “Беларускі хрысціянскі хіт”, у межах якога выпушчана чатыры кампакт-дыскі і рыхтуецца пяты — “Беларускі бардаўскі хіт”. Яго прэзентацыя адбудзецца 31 кастрычніка ў Мінску на канцэрце пасля ўстаноўчага з’езда БХД.
Апроч канцэрту і выступу Аляксея Шэіна, былі таксама прэзетаваныя сацыяльныя праграмы БХД, такія як летнія “мастацкія плэнэры” на дзіцячых пляцоўках.