Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заклікае падтрымаць блок «Воля» на выбарах у Каардынацыйную раду Беларусі

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заклікае беларусаў падтрымаць блок «Воля» на выбарах у Каардынацыйную раду Беларусі IV склікання, якія праходзяць 11–17 траўня 2026 года.
Мы перакананыя, што ў цяперашніх умовах беларускаму дэмакратычнаму руху патрэбныя не толькі дыскусіі і заявы, але перадусім адказнасць, адзінства, канкрэтныя дзеянні і гатоўнасць працаваць дзеля вызвалення Беларусі.
Блок «Воля» аб’ядноўвае людзей, якія разумеюць рэальную сітуацыю, у якой знаходзіцца беларускае грамадства: рэпрэсіі ўнутры краіны, вайна супраць Украіны, пагроза страты незалежнасці Беларусі, праблемы беларусаў у эміграцыі і неабходнасць захавання нацыянальнай суб’ектнасці.
Для Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі асабліва важна, што ў складзе блоку «Воля» балатуецца адзін з лідараў БХД Анатоль Міхнавец, а таксама некалькі іншых нашых паплечнікаў і прыхільнікаў. Гэта людзі, для якіх хрысціянскія каштоўнасці, беларуская нацыянальная ідэя, адказнасць перад народам і гатоўнасць служыць Беларусі з’яўляюцца не лозунгамі, а жыццёвай пазіцыяй.
Мы падтрымліваем удзел прадстаўнікоў БХД у блоку «Воля», бо бачым у гэтым магчымасць узмацніць у Каардынацыйнай радзе голас тых, хто выступае за:
палітычнае вызваленне Беларусі;
абарону незалежнасці і еўрапейскай будучыні нашай краіны;
падтрымку палітвязняў і іх сем’яў;
абарону правоў беларусаў у Беларусі і за мяжой;
працу ў прававым полі і ўмацаванне бяспекі дэмакратычных структур;
адзінства дзеянняў замест узаемных абвінавачанняў і бясконцых спрэчак.
Сёння беларусам патрэбная Каардынацыйная рада, якая будзе не месцам для ўнутраных канфліктаў, а пляцоўкай для рэальнай працы, палітычнай адказнасці і прадстаўніцтва інтарэсаў беларускага народа. Менавіта таму мы лічым важным падтрымаць тых, хто гатовы не толькі гаварыць пра змены, але і браць на сябе адказнасць за канкрэтныя крокі.
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заклікае ўсіх беларусаў, якія маюць магчымасць бяспечна ўдзельнічаць у галасаванні, прыйсці на выбары ў Каардынацыйную раду і аддаць свой голас за блок «Воля».
Галасуйма за адказнасць, еднасць і дзеянне. Галасуйма за блок «Воля».



