Маладыя хрысціянскія дэмакраты распрацавалі Моладзевую платформу БХД/МХД
Маладыя хрысціянскія дэмакраты падрыхтавалі праграмны дакумент «Моладзевая платформа БХД/МХД» — бачанне рэальных зменаў для беларускай моладзі ў Беларусі і ў эміграцыі.
Платформа заснаваная на прынцыпах хрысціянскай дэмакратыі: годнасці асобы, свабоды і адказнасці, справядлівасці, салідарнасці і субсідыярнасці. Дакумент аналізуе ключавыя выклікі, з якімі сутыкаюцца маладыя беларусы: ад крызісу адукацыі, ідэалагічнага ціску і адсутнасці сацыяльных ліфтаў да эміграцыі, страты сувязі з Беларуссю і недастатковага ўдзелу моладзі ў прыняцці рашэнняў.
МХД прапануюць сем асноўных кірункаў зменаў: сучасную і свабодную адукацыю, падтрымку першага працаўладкавання, рэальнае школьнае і студэнцкае самакіраванне, сістэму падтрымкі моладзевых ініцыятыў, развіццё культуры, мовы і незалежных медыя, палітычны ўдзел моладзі, а таксама паўнавартаснае ўключэнне беларускай моладзі ў эміграцыі ў нацыянальныя дэмакратычныя працэсы.
Асобная ўвага ў платформе надаецца практычным механізмам рэалізацыі: стварэнню Моладзевага савета пры дэмакратычных сілах, сістэме міні-грантаў і ментарства, адукацыйным і медыйным платформам, міжнароднаму супрацоўніцтву і падрыхтоўцы заканадаўчых прапаноў для будучага дэмакратычнага парламента Беларусі.
МХД падкрэсліваюць: беларуская моладзь не павінна быць дэкаратыўным дадаткам да палітычных працэсаў. Яна ўжо сёння з’яўляецца суб’ектам пераменаў і павінна мець рэальнае месца, голас і адказнасць у фармаванні будучыні Беларусі.




