У Еўрапарламенце заявілі пра рэпрэсіі супраць хрысціян усіх канфесій у Беларусі

03 верасня 2026 14:51  |  БХД Галоўныя навіны Навіны Рэлігія Свет

3 верасня ў Еўрапейскім парламенце ў Бруселі на слуханнях Падкамітэта па правах чалавека (DROI), прысвечаных пераследу рэлігійных меншасцяў у свеце, асобная ўвага была нададзеная сітуацыі ў Беларусі.

Старшыня Дэлегацыі Еўрапейскага парламента па адносінах з Беларуссю Малгажата Гасеўская ўзняла праблему пераследу вернікаў у краіне. У сваім выступе яна падкрэсліла, што пад ціскам і рэпрэсіямі беларускіх уладаў знаходзяцца хрысціяне розных канфесій.

Да слуханняў Institute for Development and Social Market in Belarus and Eastern Europe (IDSMBEE) падрыхтаваў спецыяльны аналітычны матэрыял аб становішчы рэлігійных супольнасцяў у Беларусі, заснаваны на маніторынгу па стане на 30 жніўня 2026 года. У ім адзначаецца, што ціск на рэлігійныя арганізацыі ўсё часцей ажыццяўляецца праз адміністрацыйныя механізмы: абавязковую рэгістрацыю, ліквідацыю рэлігійных арганізацый, дазвольны парадак для замежных святароў, абмежаванні публічнай рэлігійнай дзейнасці і прымяненне заканадаўства аб «экстрэмізме».

Пасля абавязковай перарэгістрацыі колькасць зарэгістраваных рэлігійных арганізацый скарацілася з 3 592 да 3 426. Усе тры раней зарэгістраваныя грэка-каталіцкія супольнасці Брэсцкай вобласці страцілі юрыдычны статус. У жніўні 2026 года суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі нацыянальнага аб’яднання евангелічна-лютэранскіх супольнасцяў.

З пачатку 2026 года беларускія ўлады таксама адмовілі як мінімум 12 польскім каталіцкім святарам у магчымасці працягваць служэнне ў Беларусі. Зафіксаваныя выпадкі затрыманняў і пакаранняў вернікаў за мірную рэлігійную дзейнасць, а таксама прымянення «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства ў дачыненні да рэлігійных дзеячаў і абаронцаў свабоды веравызнання.

Аналітычны матэрыял IDSMBEE:
https://idsmbee.org

У падрыхтаваных рэкамендацыях прапануецца ўзмацніць сістэмны маніторынг свабоды рэлігіі і перакананняў у Беларусі, дамагацца празрыстасці рашэнняў аб рэгістрацыі і ліквідацыі рэлігійных арганізацый, а таксама надаваць больш увагі абароне рэлігійных супольнасцяў і вернікаў.

Відэа выступу Малгажаты Гасеўскай на слуханнях Еўрапейскага парламента:

Болей навін