Анаіс Марэн заклікала Польшчу не высылаць беларусаў

04 верасня 2026 16:55  |  БХД Грамадства Навіны

Былая спецыяльная дакладчыца ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн заклікала польскія ўлады не высылаць беларусаў, якім у выпадку вяртання на радзіму пагражае пераслед. Артыкул пад назвай «Польшча, не выкідай беларусаў» быў апублікаваны 1 верасня ў Gazeta Wyborcza.

Марэн піша, што ў апошнія месяцы да яе звярнуліся дзясяткі беларусаў, якія атрымалі адмовы ў міжнароднай абароне ў Польшчы. Паводле яе, у першай палове 2026 года ўпершыню колькасць адмоваў беларусам у прадастаўленні прытулку перавысіла колькасць станоўчых рашэнняў.

Былая спецдакладчыца ААН падкрэслівае, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, а пагроза пераследу датычыцца не толькі ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года. Пад увагу беларускіх спецслужбаў могуць трапляць людзі, якія крытыкавалі рэжым ужо пасля выезду з краіны, удзельнічалі ў акцыях за мяжой або іншым чынам праяўлялі сваю грамадзянскую пазіцыю. Вяртанне такіх людзей у Беларусь можа пагражаць затрыманнем, крымінальным пераследам і зняволеннем.

Па дадзеных польскага Упраўлення па справах іншаземцаў, на 1 жніўня 2026 года 9 902 грамадзяніны Беларусі мелі ў Польшчы дадатковую абарону, яшчэ 1 237 — статус уцекача. Такім чынам, больш за 11 тысяч беларусаў знаходзяцца ў краіне менавіта на падставе міжнароднай абароны.

Для многіх з іх Польшча стала краінай, з якой сёння звязаныя магчымасці бяспечна жыць, працаваць, вучыцца і забяспечваць свае сем’і. Фармальна гэтыя людзі застаюцца грамадзянамі Беларусі, аднак фактычна яны пазбаўленыя абароны ўласнай дзяржавы, а ў шэрагу выпадкаў менавіта беларуская дзяржава з’яўляецца крыніцай пагрозы для іх.

Беларускія хрысціянскія дэмакраты выказваюць удзячнасць Анаіс Марэн за тое, што і пасля завяршэння мандата спецдакладчыцы ААН яна працягвае паслядоўна абараняць правы беларусаў і прыцягваць да іх праблем увагу еўрапейскай грамадскасці.

БХД пасля 2020 года паслядоўна выступае ў падтрымку беларусаў, вымушаных пакінуць краіну. Фракцыя беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў у Каардынацыйнай радзе праводзіла кампанію «Не — жалезнай заслоне», скіраваную супраць ізаляцыі беларускага грамадства, за захаванне кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і краінамі ЕС і аднаўленне працы памежных пераходаў. 17 лістапада 2025 года Польшча аднавіла рух праз пераходы Кузніца — Брузгі і Баброўнікі — Бераставіца.

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца, таму вяртанне ў краіну для многіх грамадзян па-ранейшаму небяспечнае. Беларускія хрысціянскія дэмакраты лічаць, што людзі, якія ўцяклі ад палітычнага пераследу і сёння жывуць у Польшчы, павінны мець гарантыі бяспекі і магчымасць нармальна будаваць тут сваё жыццё.

Болей навін