Беларусаў у майках з Чэ Геварам не пусцяць у Польшчу
У суседняй краіне камуністычная сімволіка трапіла пад забарону і за яе можна атрымаць да двух гадоў турмы.
Польскі парламент забараніў камуністычную сімволіку. Цягам бліжэйшых тыдняў закон набудзе моц. Пад забарону патрапіць афіцыйная сімволіка Савецкага Саюза, сімвалы Камуністычнай партыі, а таксама сімволіка, якая ўжывалася ў асобных Савецкіх рэспубліках. За іх выкарыстанне можна атрымаць да двух гадоў пазбаўлення волі.
“ Польскае грамадства даўно чакае на такі закон. Камуністычная сімволіка нічым не адрозніваецца ад фашысцкай, а таму яе ўжыванне — злачынства.Нашая краіна так нацярпелася ад гітлерызму і камунізму, што мы не можам пагадзіцца на функцыянаванне ў публічнай прасторы хлусні. Прапаганду гэтых злачынных ідэалогій трэба забараніць — і кропка. Прапаганда гэтых збродных ідэяў павінна быць забаронена Крымінальным кодэксам, які прадугледжвае пакаранне штрафам, абмежаванне і пазбаўленне волі”, -адзначыў у размове Еўрарадыё адзін з ініцыятараў законапраекта, дэпутат польскага Сейма Станіслаў Пэнта
Акрамя сімволікі Савецкага Саюза, пад забарону патрапіць папулярная сёння ў моладзевым асяроддзі выява Эрнэста Чэ Гевары. Калі вы збіраецеся наведаць Польшчу і маеце майку з партрэтам каманданта — лепей пакідайце яе дома.
Станіслаў Пэнта: “Чэ Гевара быў забойцам, камуністычным бандытам, выконваў сотні прысудаў смерці на Кубе. І прапаганда светапоглядаў гэтага забойцы — гэта прапаганда злачынных ідэалогій камунізму, і я мяркую, што ў гэтым выпадку пракуратура будзе распачынаць справу. Гэта так, як вы б хадзілі ў кашулі Рудольфа Хэса, Эйсмана, Гімлера. Гэта забаронена правам. Я раю не прыязджаць у гэтых майках на тэрыторыю Польшчы”.
Што праўда, забарона на выкарыстанне камуністычнай сімволікі не мае абсалютнага характару. У закона ёсць некалькі істотных выключэнняў, якія дазваляюць выкарыстоўваць савецкія сімвалы ў культурных, музейных, мастацкіх і іншых падобных мэтах.
Станіслаў Пэнта: “Ёсць некалькі выключэнняў. Сярод іншага — культурніцкая дзейнасць, музейная, калекцыянерская — у такім разе не маем дачынення да прапагандавання злачынных таталітарных ідэалогій. Размова ідзе пра сітуацыі, якія ацэньваюцца з пункту гледжання мэты, якую мела асоба, што сябе паводзіла такім чынам”.