Мзс Беларусі: мы адсочваем правільнае ўжываньне назвы Беларусі за мяжою
Міністэрства замежных спраў РБ сьцьвярджае, што адсочвае й будзе працягваць адсочваць, каб на ўзроўні міжурадавых стасункаў ужывылася б афіцыйная назва нашай краіны – Беларусь.
Больш чым праз два месяцы пасьля звароту “Маладога Фронту” да Міністэрства замежных спраў у межах кампаніі “За праўдзівы назоў!” з просьбаю зьвярнуць увагу на праблему няправільнага ўжываньня назвы Беларусі за мяжою, чыноўнікі далі афіцыйны адказ.
Намесьнік Міністра А.Ф. Алейнік адказаў на адкрыты ліст наступным чынам:
“Паведамляем, што ў міжнародных і міжурадавых арганізацыях, у склад якіх уваходзіць наша краіна, яе назва ўжываецца выключна ў адпаведнасьці зь беларускай Канстытуцыяй – “Рэспубліка Беларусь” альбо “Беларусь”.
Міністэрства замежных спраў у сваёй працы ў краіне і па-за яе межамі ўжывае назву нашай краіны ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй.
Дазвольце заўпэўніць Вас, што МЗС у межах кампэтэнцыі адсочвае і будзе працягваць адсочваць, каб на ўзроўні міжурадавых стасункаў ужывалася б афіцыйная назва нашай краіны”.
“Адказ кіраўніцтва МЗС выклікае зьдзіўленьне: калі Міністэрства замежных спраў эфэктыўна працуе ў зазначаным накірунку, чаму ж тады ў шматлікіх краінах дагэтуль ужываюцца савецкія назвы Беларусі: “Белоруссия” у Расеі, “Baltarusija” у Летувійскай Рэспубліцы й г.д?
Акрамя таго, хачу прыгадаць нядаўні пасьпяховы прыклад замены некарэктнаг назову беларускай нацыі ў Швэцыі: ініцыятарам выступіў чамусьці ня МЗС Беларусі, а шведзкая грамадзкая ініцыятыва “Belarus”. Такім чынам, пакуль працы МЗС на справе, а не на словах, ня бачна”, – пракамэнтаваў адказ намесьніка Міністра МЗС старшыня “Маладога Фронту” Зьміцер Дашкевіч.