Дзень народзінаў Беларускай Хрысціянская Дэмакратыі
6 лістапада 1927 года ў Вільні прайшоў Устаноўчы з’езд партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”.
Беларускi Хрысцiянска-дэмакратычны рух узнiк на пачатку XX стагоддзя ў асяроддзi слухачоў Пецярбургскай духоўнай акадэмii ды Вiленскай духоўнай семiнарыi. Менавiта заснавальнiкi Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасьці зрабiлiся лiдэрамi беларускага нацыянальнага руху 1920—1940 гг., i ахвяравалi сваiмi жыццямi за волю Бацькаўшчыны: ксёндз Вiнцэнт Гадлеўскi, кiраўнiк беларускага незалежнага падполля падчас гiтлераўскай акупацыi, расстраляны гестапаўцамi ў Трасцянцы; ксёндз Адам Станкевiч, аўтар кнiгi “Хрысцiянства i беларускi народ: спроба сiнтэзы”, старшыня Таварыства Беларускай Школы ў Заходняй Беларусi, забiты ў ГУЛАГу; архiмандрыт Фабiян Абрантовiч, закатаваны ў Маскоўскай Бутырскай турме; Ян Пазьняк, дзед правадыра БНФ Зянона Пазьняка, таксама рэпрэсаваны энкавэдзiстамi… У той жа самы час сярод праваслаўных хрысцiянска-дэмакратычную пазiцыю падтрымлiвалi прыхiльнiк Беларускай Аўтакефальнай Царквы мiтрапалiт Мельхiсэдэк (Раеўскi), расстраляны бальшавiкамi ў 1920-х гг., i сябры Праваслаўнага Беларускага Дэмакратычнага Аб’яднання, а сярод пратэстантаў — пастар найбуйнешай ва Усходняй Еўропе баптысцкай грамады i перакладчык на беларускую мову Новага Запавету Лукаш Дзёкуць-Малей.
Пасля Рыжскага мiру, калi ў падсавецкай Усходняй Беларусi царква была выкараненая, а беларускiя дзеячы кiнутыя ў турмы, — у Заходняй Беларусi Хрысцiянская дэмакратыя стала адной з галоўных палiтычных сiл. Праз 10 гадоў, 6 лiстапада 1927 г., у Вiльнi хадэцкiя актывiсты, што гуртавалiся вакол выдаванай Адамам Станкевiчам газеты “Беларуская Крынiца”, правялi ўстаноўчы сход партыi “Беларуская Хрысцiянская Дэмакратыя”. “Мы, хрысцiяне, а знача — дэмакраты. Хрысцiянiн не можа не быць дэмакратам, бо хрысцiянства прызнае i шануе людскiя правы кожнай адзiнкi i кожнага народу, а такжа брацтва людзей i народаў”, — сцвярджалася ў праграме партыi. Менавiта БХД, пераняўшы эстафету ад БНР, у мiжчассi двух сусветных войнаў адстойвала тыя каштоўнасцi, якiя пазней уздымуць на сцяг БНФ i Рух “За Свабоду!” — незалежнасць, свабоду, праўду, справядлiвасць i духоўнае Адраджэнне.
Паглынанне Савецкiм Саюзам Заходняй Беларусi, вайна ды сталiнiзм перапынiлi традыцыю хрысцiянскай дэмакратыi да канца XX стагоддзя…