Адчыняецца каталіцкі катэхетычны каледж у Баранавічах
3 кастрычніка ў суботу адчыняецца каталіцкі катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага у Баранавічах (Пінская дыяцэзія). Навучальная ўстанова прыме 54 студэнтаў: 26 з Пінскай дыяцэзіі, 20 з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, 7 з Віцебскай дыяцэзіі і 1 з Гродзенскай.
Тэрмін навучання ў каледжы складае тры гады. У плане заняткаў такія прадметы як тэалогія, філасофія, сацыялогія, псіхалогія. Заняткі будуць праходзіць з кастрычніка па чэрвень уключна. Форма навучання — завочная. Студэнты будуць прыязджаць на заняткі раз у два тыдні ў выхадныя. Плануецца, што з наступнага года будзе ўведзена так званая дыстанцыйная форма навучання, якая будзе разлічана на тых, хто жадае паглыбіць свае тэалагічныя веды ў рэгіёнах Беларусі.
Выпускнікі каледжу будуць атрымліваць дыпломы дзяржаўнага ўзору, у якіх будзе пазначана спецыяльнасць «выкладчык катэхізіса». Па словах кс. Андрэя Рылкі, мадэратара навучальнага працэсу, у выпадку ўвядзення ў дзяржаўныя навучальныя ўстановы прадметаў рэлігійна-духоўнага напрамку, выпускнікі каледжа змогуць іх выкладаць.
Большасць выкладчыкаў — выкладчыкі МВДС у Пінску, а таксама святары і свецкія.