Наймаладзейшая з арыштаваных
Маладзёжная актывістка, сябра аргкамітэта Партыі БХД, намесніца старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка таксама застаецца за кратамі.
20-цігадовай дзяўчыне працягнулі тэрмін знаходжання пад вартай у СІЗА КДБ на два месяцы. Намесніца старшыні “Маладога фронту” (зарэгістраваны ў Чэхіі) выступіла на плошчы і сказала, што моладзь — за дэмакратычную Беларусь, у якой выконваюцца законы і ў якой не будзе месца дыктатуры.
Насту забралі з дома пасля трох гадзін ночы. Людзі ў цывільным пазванілі ў кватэру і яна папрасіла, каб не ламалі дзверы, а проста далі ёй сабрацца. Наста нават паспела даслаць СМС-ку сябрам, што яе вязуць у КДБ.
Бацька Насты Уладзімір Палажанка таксама пабываў у следчага. Ён абураецца:
Мы размаўлялі без пратаколу. Следчы кажа: “Вось яна ў вас такая прыемная, разумная, прыгожая дзяўчына. З кім ні размаўляў пра яе — усе толькі добрыя словы кажуць. Навошта яна палезла ў палітыку?”. Адказваю, што, можа, яна хоча нешта змяніць у краіне да лепшага… Папрасіў, каб адпусцілі пад падпіску. А следчы — мне: “Ага, мы яе адпусцім, а яна зноў пойдзе сцягам махаць”. Бачыце, яны страшна баяцца гэтых маладых і разумных.