Зварот Віталя Рымашэўскага на Раство Хрыстовае

06 студзеня 2011 18:08  |  Галоўныя навіны

Зварот экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталя Рымашэўскага з нагоды свята Нараджэння Госпада Ісуса Хрыста.

 

Звяртаюся да ўсіх хрысціянаў Беларусі:

Дарагія браты і сёстры!

Дзякуй вам за малітвы, за падтрымку. Як і раней я перакананы, што надзея для Беларусі ў хрысціянах, бо толькі вам Гасподзь даў сілу супрацьстаяць спакусам, супрацьстаяць д’яблу, які апранае розныя лічыны. Менавіта вам адркыта сіла Хрыстовай любові, моц Божай ласкі і Божай мудрасці. 

Я заклікаю ўсіх сёння узмацніць змаганне за хрысціянскія каштоўнасці, за Беларусь, а значыць за КОЖНАГА чалавека ў нашай краіне. Нашае змаганне павінна быць напоўнена духам Хрыстовай спагады і любові.

 
У гэтыя дні хачу паўтарыць словы апостала Паўла: “… Браты мае, мацуйцеся ў Госпадзе і магутнасці сілы Яго. Апранецеся ўва ўсю зброю Божую, каб здолелі ўстаяць супраць хітрыкаў д’ябальскіх; бо наша барацьба ня супраць крыві і цела, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць сусветных валадароў цемры гэтага веку, супраць духаў злосці паднябесных. Дзеля гэтага прымеце ўсю зброю Божую, каб вы маглі ўстаяці ў ліхі дзень і ўсё зрабіўшы, астацца стаяць. Дык стойце ж, падперазаўшы паясніцы вашыя праўдаю і апрануўшыся ў зброю праведнасці, і абуўшы ногі ў гатовасць абвяшчаць мір; а па-над усё вазьмеце шчыт веры, якім зможаце затушыць усе распаленыя стрэлы крывадушніка; і шалом збаўлення вазьмеце і меч духоўны, які ёсць слова Божае” (Эф. 6, 10-17).

 

Жыве Беларусь!  Жыве з Богам!

 

Віталь Рымашэўскі

Болей навін