У Магілёве арыштаваны на 10 сутак сябра БХД Яўген Васьковіч (Абноўлена)

17 студзеня 2011 18:41  |  Навіны

Cтала вядома, што сёння, 17 студзеня, зраніцы ў Магілёве быў затрыманы і арыштаваны на 10 сутак бабруйскі актывіст БХД Яўген Васьковіч, які ў гэты час знаходзіцца ў Магілёве на сесіі. Пра гэта паведамілі бабруйскія сябры БХД са спасылкай на кіраўніцтва недзяржаўнай газеты “Бабруйскі кур’ер”, дзе Васьковіч працуе журналістам. Адначасова ў бабруйскай кватэры, дзе ён прапісаны, быў праведзены ператрус.

 

Арышт быццам бы звязаны з нейкім “хуліганствам”, якое Яўген Васьковіч здзейсніў у Бабруйску  16 снежня 2010 года. Суд быццам бы адбыўся завочна ў Бабруйску. А ўчора, 16 студзеня, ён удзельнічаў у магілёўскай акцыі салідарнасці з палітвязнямі.

 

У Магілёве арыштаваны на 10 сутак сябра БХД Яўген Васьковіч (Абноўлена)

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі 19-гадовага Яўгена Васьковіча на кватэры, якую ён здымаў у Магілёве. 17 студзеня ў яго павінны былі пачацца экзамены. А 6-й раніцы яго маці пабудзіла яго тэлефанаваннем, каб ён не праспаў. А калі праз паўгадзіны ператлефанавала, Яўген ужо не адказваў.

 

Удзень маці журналіста патэлефанавалі з праваахоўных органаў і паведамілі, што яе сын арыштаваны на 10 сутак за хуліганства, нібыта здзейсненае ім 16 снежня ў Бабруйску. Але ні яна, ні калегі пра якія-кольвек сутыкненні Яўгена з законам не ведаюць. Паводле іх словаў, ён увесь час быў навідавоку — назіраў за выбарамі на некалькіх бабруйскіх участках.

Галоўны рэдактар газеты “Бабруйскі кур’ер” Анатоль Санаценка змог звязацца з супрацоўнікам праваахоўных органаў, які паведаміў маці Яўгена пра затрыманне. Гэта была нейкая Надзея Васільеўна, мяркуючы па ўсім, супрацоўніца міліцыі. Але назваць сябе альбо прадаставіць якую-кольвек інфармацыю пра абставіны справы яна не пажадала і перарвала размову.

 

Адбываць пакаранне Яўген Васьковіч будзе ў ізалятары ў Магілёве.

Нагадаем, што перад гэтым Васьковіч быў затрыманы 19 снежня ў Мінску як удзельнік акцыі патэсту на плошчы Незалежнасці і асуджаны на 12 сутак, якія адбыў у ізалятары на Акрэсціна. А 11 студзеня яго выклікалі “на размову” ў Магілёўскае КДБ, дзе прапанавалі падпісаць дакумент з абяцаннем не браць удзелу ў акцыях. Паводле самога Яўгена, ён падпісаў дакумент толькі пасля таго, як ў ім замянілі апошні пункт на ствярджэнне, што ён і надалей пакідае за сабой права прысутнічаць на мірных акцыях, бо гэта яго грамадзянская пазіцыя і канстытуцыйнае права.

 

Паводле сайта БАЖ і ўласнай інфармацыі

Болей навін