Ля касцёла святога Язэпа ўзгадалі паўстанне Каліноўскага і цяперашніх палітвязняў (Фота)

23 студзеня 2011 07:38  |  Навіны

У суботу 22 снежня ля касцёла святога Язэпа ў Менску прайшла акцыя, прысвечаная пачатку паўстання 1863-1864 гадоў, узначаленага на Беларусі Кастусём Каліўнскім. Яна была арганізаваная ініцыятывай па вяртанні касцёла святога Язэпа вернікам і сябрамі БХД.

Прыстуныя запалілі знічкі і выклалі з іх крыж перад ўваходам у касцёл, а таксама ўсклалі кветкі.

 

Каардынатака ініцыятывы вяртання касцёла Ганна Шапуцька прывяла гістарычныя звесткі пра паўстанне Кастуся Каліноўскага і датычнасць да паўстання комплексу будынкаў бернардынскага кляштара, які быў адабраны ў вернікаў у 1864 годзе за падтрымку паўстнацаў манахамі і парафіянамі. Менавіта будынак кляштара выкарыстоўваўся як часовая турма для паўстанцаў Каліноўскага, дзе сярод шматлікіх вядомых паўстанцаў утрымлівалася і  дачка славутага беларускага пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Каміла.

Удзельнікі акцыі таксама памаліліся за духоўных нашчадкаў каліноўцаў цяперашніх палітвязняў, выканалі патрыятычныя вершы і спевы. Скончылася акцыя традыцыйным спевам беларускага духоўнага гімна “Магутны Божа”.

Нацыянальна-вызвольнае паўстанне супраць расейскай імперыі 1863-1864 гадоў распачалося ў Варшаве ў ноч на 23 студзеня. У Беларусі і Літве яго падтрымаў Літоўскі правінцыяльны камітэт, які ўзначальваў Кастусь Каліноўскі. 1 лютага 1863 года ён звярнуўся да насельніцтва Беларусі з заклікам узняцца на ўзброеную барацьбу. На жаль, паўстанне было бязлітасна задушанае ў пачатку 1864 года сумнавядомым генералам-губернатарам Мураўёвым-вешальнікам. Акрамя ўзброенага супраціву паўстанцкіх атрадаў, якія дзейнічалі па ўсёй Беларусі, у Менску і іншых гарадах у гэты час адбываліся шматлікія акцыі саліданасці з паўстанцамі. Менчукі прыносілі да вастрогаў і месцаў расстрэлаў паўстанцаў кветкі, жанчыны паўсюль насілі жалобную вопратку, сустракалі ссыльных, якіх везлі этапамі у Сібір, ля горада і дапамагалі ежай, вопраткай, грашыма.

 

Нагадаем, ініцыятыва ў абарону Касцёла святога Язэпа “Духоўнае сэрца Менску” была створаная з ініцыятывы Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ўвосень 2010 года. Але змаганне за вяртанне вернікам будынкаў Мeнскага кляштара бернардынцаў з касцёлам – помнікам архітэктуры барока XVII стагоддзя вядзецца яшчэ з 2005 года. Увесь гэты час вернікі збіраюцца штотыдзень ля касцёла, не спыняюць пост і малітву. За гэты час было сабрана больш за 30 тысячаў подпісаў за вяртанне кляштара вернікам, аднак з пачатку 2010 года вядуцца работы па рэканструкцыі кляштара пад гатэль. Нягледзячы на ўсе сумныя падзеі ў Менску апошняга часу сябры ініцыятывы па вяртанні касцёла святога Язэпа вернікам заклікаюць прыходзіць да касцёла са свечкамі кожны аўторак а 19-й гадзіне.

 

Ля касцёла святога Язэпа ўзгадалі паўстанне Каліноўскага і цяперашніх палітвязняў (Фота)
Ля касцёла святога Язэпа ўзгадалі паўстанне Каліноўскага і цяперашніх палітвязняў (Фота)
Ля касцёла святога Язэпа ўзгадалі паўстанне Каліноўскага і цяперашніх палітвязняў (Фота)

Болей навін