Слонімцы выказалі пратэст супраць “кампаніі тэрору” у Беларусі
Слонімскія сябры БХД разам з прадстаўнікамі іншых дэмакратычных сілаў Слоніма накіравалі зварот да Генеральнага пракурора і іншых дзяржаўных установаў, дзе выказалі рашучы пратэст супраць распачатай у Беларусі “кампаніі тэрору” ў дачыненні да апазіцыйных лідэраў і актывістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ.
Пра гэта паведаміла ў апошнім нумары незалежная Газета Слонімская.
Слонімскія актывісты патрабуюць спыніць палітычны пераслед у адносінах да іншадумцаў і палітычных апанентаў дзейнай улады. Заклікаюць тэрмінова вызваліць з турмаў усіх экс-кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, іх давераных асобаў і ўсіх затрыманых грамадзян у Мінску на Плошчы 19 снежня 2010 года.
Таксама слонімцы падпісалі хадайніцтвы ў Мінскую пракуратуру з просьбай змяніць меру стрымання і выпусціць абвінавачаных па справе “аб масавых беспарадках” на волю пад асабістую апеку заяўнікаў. Акрамя гэтага, слонімскімі дэмакратычнымі актывістамі былі сабраны і перададзены ў Мінск праваабаронцам грошы для аказання дапамогі ўсім арыштаваным. А для маральнай падтрымкі зняволеным высылаюцца паштоўкі.