Інтэрв’ю з Рымашэўскім: Грамадства яшчэ не гатовае, каб нанесці эканамічны ўдар па Расіі
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД і нядаўні вязень “амерыканкі” Віталь Рымашэўскі выступіў з нечаканай прапановай арганізаваць байкот расійскім таварам. Падаем інтэрв’ю, узятае з гэтай нагоды ў Рымашэўскага карэспандэнтам Еўрарадыё.
Еўрарадыё: Вы лічыце, што байкатаванне расійскага тавару дапаможа зменшыць уплыў Расіі?
Рымашэўскі: Я лічу, што нам трэба вучыцца ўплываць на палітыку, на працэсы палітычныя, якія адбываюцца ў Беларусі, не чакаючы прыходу да ўлады. Безумоўна, такія рэчы, як грамадская салідарнасць, байкатаванне расійскага тавару, — гэта можа быць моцны эканамічны ўдар. Але я разумею, што гэта тое, да чаго яшчэ можна імкнуцца, але не тое, што можна зрабіць сёння рэальна. На жаль, узровень арганізацыі беларускага грамадства і самасвядомасць, напэўна, не дасягнулі яшчэ такога ўзроўню.
Еўрарадыё: Якая залежнасць паміж байкатаваннем расійскага тавару і нявыгадным кантрактам на імпарт нафты ды будаўніцтвам беларускай АЭС? У чым тут віна Расіі?
Рымашэўскі: Тут пытанне геапалітыкі. Пра якія рынкавыя адносіны ўвогуле можа ісці размова, калі сёння Беларусь усё далей адыходзіць ад Еўропы. Ужо рэальна на парадку дня стаіць пытанне эканамічных станцый. Мяркую, што ў перспектыве — поўная ізаляцыя ад Еўропы. Усе рашэнні, напрыклад, заключэнне кантракту на будаўніцтва атамнай электрастанцыі — гэта рашэнні палітычныя, у сённяшніх варунках, не эканамічныя. Таму пра рынкавыя ўмовы казаць не выпадае. Эканамічная бяспека — гэта адна з умоваў, якая гарантуе незалежнасць любой краіны, не толькі Беларусі. І калі нейкая краіна дамінуе (у дадзеным выпадку — Расія) на рынку іншых, яна фактычна можа стаць манапалістам, адзіным інвестарам у Беларусі. Гэта далёка не дэмакратыная краіна. Пра якія рынкавыя ўмовы можна казаць, калі эканоміка для Расіі — гэта наўпрост праваднік яе палітыкі і геапалітыкі?
Еўрарадыё: Але ці ў Расіі праблема? Праблема ў беларускім кіраўніцтве, якое такім чынам прадае беларускія прадпрыемствы, якое на такіх умовах падпісвае кантракты і на такіх умовах пагаджаецца на будаўніцтва…
Рымашэўскі: Я згодны. Я прывёў прыклад таго, як беларусы могуць уплываць на гэтую праблему. Бо збольшага тое, што мы робім — лямантуем, што гэта кепска, мы супраць… Але маем мала рэальных механізмаў уплыву. Калі вы памятаеце мае перадвыбарчыя выступы, я казаў пра тое, якім чынам можна людзям змяніць уладу. Я казаў пра тое, што можна не рабіць рэвалюцыю, дастаткова проста не карміць уладу, якая не падабаецца, як некалі гэта зрабілі палякі нацыянальным страйкам. Гэта быў дзейсны метад. Сёння эканоміка вырашае усё. І беларуская ўлада таксама залежыць ад эканомікі.
Наконт расійскіх тавараў я хачу дадаць: калі нам складана адмовіцца ад нейкіх эканамічных дывідэндаў у нашым простым жыцці, то пра якое змаганне можа ісці размова?!
Еўрарадыё: Але ці пакарае гэта вінаватых? Ці вінаватая Расія ў тым, што набывае тут прадпрыемствы? Гэта натуральне імкненне пашыраць сферы свайго ўплыву.
Рымашэўскі: Канешне, Расія не вінавата. Гэта імперыя з імперскімі амбіцыямі. Гэта для яе натуральна — паглынаць народы, якія вакол яе, пазбаўляць іх незалежнасці, асіміляваць, знішчаць. Але, калі мы хочам застацца народам на гэтай зямлі, для нас мусіць быць натуральным супраціўленне. А супраціўленне патрабуе ахвяраў, прынамсі эканамічных — гэта не так і шмат.
Еўрарадыё: Калі Расія перастане набываць беларускія тавары, то нашая гаспадарка пэўна, пацерпіць болей на гэтым.
Рымашэўскі: Вельмі б хацелася, каб Расія перастала набываць беларускія тавары, бо ў Беларусі не засталося іншага выйсця і прыйшлося б пераарыентаваць свой рынак на іншыя краіны, перадусім Еўропы. Але Расія ніколі гэтага не зробіць — давайце будзем рэалістамі: Расія будзе прывязваць Беларусь. І першы чыннік, як пазбавіць Беларусь незалежнасці, — гэта пазбаўленне эканамічнай незалежнасці, а праз гэта — пазбаўленне іншых чыннікаў незалежнасці.