Чарговая акцыя салідарнасьці ля КДБ скончылася затрыманнямі
30 студзеня а 18-й гадзіне ля цэнтральнага ўваходу ў будынак КДБ у Менску адбылася несанкцыянаваная акцыя салідарнасьці з палітычнымі вязьнямі. Да будынку КДБ выйшлі людзі з партрэтам палітвязняў, якія ўтрымліваюцца ў “амерыканцы”, а таксама з партрэтамі некаторых іншых зьняволеных, абвінавачаных у масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. Міліцыя затрымала 7 чалавек.
Яны былі затрыманыя адразу пасля пачатку акцыі. Міліцыянты вырвалі з рух людзей партрэты палітвязняў, пасля чаго да пратэстоўцаў пад’ехаў аўтазак, у які і запіхнулі людзей. Аперацыяй кіраваў палкоўнік Яўсееў.
Сярод затрыманых Максім Вінярскі, Паліна Кур’яновіч, Леанід Кулакоў, Кацярына Людвіг і жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч, якая стаяла зь яго партрэтам. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманыя правялі ноч на Акрэсціна, а сёння іх павінны судіць у судзе Цэнтральнага раёна Мінска.
На акцыю прыйшла таксама маці аднаго з вязьняў Плошчы Алена Ліхавід. Яе сын утрымліваецца ў турме ў Жодзіне. Алену хацелі затрымаць, але людзі адбілі яе ў міліцыянтаў. Міліцыянты паводзілі сябе груба і папярэджвалі, што акцыя несанкцыянаваная, перашкаджалі спробам людзей запаліць свечкі, кажучы, што гэта трэба рабіць у царкве ці на могілках. Таксама на месца акцыі прыгналі трактар чысціць вуліцу. Тым не менш сабралася некалькі дзясяткаў чалавек.
Пасля заканчэння акцыі ля КДБ некаторыя ўдзельнікі скіраваліся да Чырвонага касьцёлу. Ля помніка “Арханёл Міхал перамагае злога” яны запалілі знічы, павязалі бел-чырвона-белую стужку. Прысутныя трымалі ў руках партрэты зьняволеных – Насты Палажанкі, Аляксандра Фядуты, Зьмітра Бандарэнкі, Эдуарда Лобава.
А 20-й гадзіне там жа адбылася штодзённая малітоўная акцыя салідарнасці з палітвязнямі, якая праходзіць ля Чырвонага касцёла пачынаючы ад 19 студзеня.
Нагадаем, у турмах за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта 19 снежня, усё яшчэ знаходзіцца не менш за 30 чалавек. Сярод іх сустаршыня БХД Павал Севярынец, кіраўнікі “Маладога фронту” Наста Палажанка і Зміцер Дашкевіч, кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Аляксей Міхалевіч, сябры штабоў кандыдатаў Зміцер Бандарэнка, Аляксандр Фядута, Анатоль Лябедзька, Сяргей Марцалеў, Аляксандр Арастовіч, Аляксандр Атрошчанкаў і іншыя.
Паводле “Радыё Свабода” і charter97.org