Жукоўскаму прысудзілі штраф на падставе аператыўных відэаздымкаў
Сам Кастусь Жукоўскі перакананы, што ўлады працягваюць помсціць за актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі:
— Сутнасць справы такая, што мяне асудзілі па артыкулах 9, 10 Кодэкса “Аб адміністратыўных правапарушэннях” за расклейванне агітацыйных матэрыялаў у недазволеных месцах. Насамрэч нашыя матэрыялы не з’яўляліся агітацыйнымі, гэта была аб’яўка пра тэлевыступ кандыдата. Адпаведна, улады перадузята ставяцца да нас. Калі мы сапраўды парушылі, змясцілі налепкі ў недазволеным месцы, дык гэтую справу мусіць разглядаць не суд, а раённая адміністрацыя. Паколькі менавіта там было здзейсненае правапарушэнне. Тое, што яны накіравалі справу ў суд, — гэта перадузятасць і парушэнне Канстытуцыі. Я лічу, што гэта ёсць помста за актыўную выбарчую кампанію.
Суддзя Цэнтральнага раённага суда Марына Дамненка зачытала матэрыялы адміністрацыйнай справы, паводле якіх супрацоўнікі КДБ 1 снежня знялі на відэакамеру, як Жукоўскі з сябрам расклейваў аб’явы пра выступленне па тэлебачанні кандыдата ў прэзідэнты. Паводле меркавання спецслужбаў, актывісты парушалі заканадаўства — размяшчалі агітацыйныя матэрыялы ў месцы, не прызначаным для гэтых мэтаў, чым парушылі арт. 9.10 КоАП. Дыск з відэаматэрыяламі чэкісты перадалі ў міліцыю для разгляду. У рапарце супрацоўнікаў КДБ Жукоўскі і яго таварыш называліся як актывісты РПГ. Што ўтойваецца за гэтай абрэвіятурай, у судзе не растлумачылі.
Суд прызнаў Жукоўскага вінаватым і пакараў штрафам у памеры пяці базавых велічынь (175 тыс. рублёў).
На судзе Жукоўскі запатрабаваў перакладчыка з рускай на беларускую мову, але хадайніцтва было адхілена. Ён таксама звярнуў увагу суда, што супрацоўнікі КДБ сачылі за ім, г.зн. ажыццяўлялі палітычны вышук, што забаронена Канстытуцыяй. Жукоўскі нагадаў суду, што доказы, здабытыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы:
— КДБ сочыць за намі, нават не хаваючыся. У іх не было афіцыйных падстаў сачыць за мной, бо ў дачыненні да мяне не была распачата крымінальная справа, я не злачынец. Яны нават паленаваліся знайсці якіх-небудзь ілжэ-сведак, каб гэта справа выглядала больш праўдападобна. КДБ распісалася, што яны замест рэальных спраў займаюцца такім маленькім чалавекам, як я.
Нагадаем, 21 студзеня Жукоўскі выйшаў на волю з ІЧУ, дзе ён адбываў 8-сутачны арышт за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы.
З 2007 года актывіст 23 разы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, неаднаразова адбываў пакаранне ў выглядзе арышту ў ІЧУ, выплачваў штрафы. Жукоўскі лічыць, што такім чынам яго караюць за актыўную палітычную дзейнасць.
Паводле сайта odsgomel.org і БелаПАН