На кніжным кірмашы згадваюць Севярынца і іншых арыштаваных літаратараў

11 лютага 2011 00:07  |  Навіны

Беларускія пісьменьнікі ля стэнду незалежных выдавецтваў на кніжным кірмашы выказваюць словы салідарнасьці са зьняволенымі літаратарамі — Уладзімерам Някляевым, Аляксандрам Фядутам і Паўлам Севярынцам.

На Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы восем незалежных выдавецтваў аб’ядналіся на адным стэндзе. Выставачная плошча мае ўсяго каля двух квадратных мэтраў. Аднак у першы ж дзень тут адбыліся сустрэчы зь літаратарамі — Уладзімерам Арловым, Альгердам Бахарэвічам, Адамам Глёбусам, Зьмітром Вішнёвым.

Некаторыя зь іх скарысталі гэтую пляцоўку для таго, каб выказаць салідарнасьць са зьняволенымі літаратармі. Перад сваімі аўтограф-сэсіямі Ўладзімер Арлоў і Альгерд Бахарэвіч пайменна згадалі арыштаваных — Уладзімера Някляева, Аляксандра Фядуту і Паўла Севярынца. Менавіта па гэтай прычыне спадар Бахарэвіч вырашыў не байкатаваць гэты кірмаш:

 

«Мне вельмі цікава, як адчуваюць сябе тыя выдаўцы, аўтары, перакладчыкі, усе тыя, хто сабраліся на гэтым кніжным кірмашы. Мне, напрыклад, асабіста сорамна і, лічу, ім таксама мусіць быць за гэта сорамна. У той час, калі ў гэтай краіне, у Беларусі, літаратары сядзяць у турмах, літаратары зьняволеныя, адбываюцца такія кірмашы і людзі навокал робяць выгляд, што нічога жахлівага не адбываецца, што жыцьцё ідзе далей, іх выдавецкі бізнэс квітнее. Але я не сказаў бы, што мяне пачула шмат людзей. Бо тут выстава і адбываецца пастаянны рух, тыя, хто праходзіў каля стэнду незалежных выдавецтваў, тыя пачулі, што я сказаў».людзі навокал робяць выгляд, што нічога жахлівага не адбываецца, што жыцьцё ідзе далей, іх выдавецкі бізнэс квітнее.

На кірмашы, аднак, не заўважана кніг ніводнага з арыштаваных літаратараў. Маскоўскае выдавецтва «Время», якое выдала кнігу вершаў Уладзімера Някляева «Акно», напярэдадні адмовілася ад удзелу ў выставе. Яно вырашыла дачакацца вызваленьня паэта. Таксама няма ніякіх кантактаў паміж аўтарамі, якія друкуюцца ў дзяржаўных і прыватных выдавецтвах. Некаторыя ўкраінскія выдаўцы і літаратары заклікалі байкатаваць выставу. 

Бахарэвіч: «Насамрэч незалежным выдавецтвам няма ў Беларусі куды ісьці са сваёй прадукцыяй. Бо месцаў, дзе яны маглі гэта прэзэнтаваць, ня так шмат. І таму можна было зрабіць наўпрост — узяць і сказаць, што мы байкатуем і туды не ідзем. Але можна было зрабіць хітрэй. Мы, я лічу, зрабілі хітрэй. Я добра ўсьведамляю, што мы заслугоўваем, усе, хто сюды прыйшлі, нейкіх папрокаў. Але мы зрабілі хітрэй, і я ня ведаю, за што нам павінна было б быць сорамна. Бо мы прыйшлі і сказалі тое, што мы думаем».

Болей навін