Страты Дома ўраду кампэнсаваныя сабранымі грашыма

21 лютага 2011 18:01  |  Навіны

21 лютага па даручэнні беларускіх грамадзянаў намеснік старшыні праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч, кіраўнік Фонду разьвіцьця прававых тэхналогіяў Алена Танкачова і намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец аплацілі суму матэрыяльнай шкоды, выстаўленую Адміністрацыяй Прэзідэнта ў судовым пазове да фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня ў Менску.  Сума, якая склала 14 млн. 48 тыс. рублёў, была сабраныя неабыякавымі  людзьмі літаральна за некалькі дзён.

“Мы зрабілі плацёж і маем квіток”, — заявіў  Валянцін Стэфановіч. Паводле праваабаронцы, кіраўнік гаспадарчага ўпраўленьня пры Адміністрацыі прэзыдэнта спадар Лемеш паабяцаў, што калі да канца дня грошы зьявяцца на рахунку, заўтра ў судзе ён здыме прэтэнзіі.

22 лютага ў Менску распачынаецца працэс над грамадзянамі Расеі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня.

Кампанію збору сродкаў распачала блогерка adelka. Яна патлумачыла: 

 

“На судзе па справе Парфянкова грамадзянскім пазоўнікам былі агучаны лічбы стратаў з-за так званага “пагрому” Дома ўраду. Замест шырока агучаных раней 30 мільёнаў грамадзянскі пазоў прад’яўлены на 14 мільёнаў…Прадстаўнікі Галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня пры Адміністрацыі прэзыдэнта, якое валодае Домам ураду, у прысутнасьці журналістаў на пытаньне “Калі грамадзянская ініцыятыва ўнясе гэтыя грошы ў пагашэньне ўсіх стратаў дзяржавы, ці адклічуць яны свой грамадзянскі пазоў у крымінальным працэсе супраць абвінавачаных?” адказалі, што пры ўнясеньні кампэнсацыі за страты — адклічуць. Неабходна пагасіць гэтыя “страты”, каб на працэсах адвакаты маглі таксама казаць, што абвінавачаныя страту пагасілі і гэта было дадатковым аргумэнтам на карысьць таго, што абвінавачаньні павінны быць зьнятыя”.

 

Паводле Радыё “Свабоды” і ПЦ “Вясна”

Болей навін