Марыя Новікава “Размаўляй са мной па-беларуску” (mp3)
Сайт БХД віншуе ўсіх сваіх наведнікаў з днём роднай мовы і зьмяшчае з гэтай нагоды вершасьпеў нашай прыхільніцы паэткі і барда, шчырай хрысьціянкі Марыі Новікавай “Размаўляй са мной па-беларуску”. Марыя Новікава мае музычную адукацыю, працуе арганісткай ў Чырвоным касцёле, выкладае музыку дзецям у школцы пад Менскам.
Размаўляй са мной па-беларуску…
razmauliaj_sa_mnoj_pa-bielarusku.mp3
І ў палацы, і на сцежцы вузкай,
Каб душа магла пачуць душу,
Размаўляй са мной па-беларуску,
Размаўляй па-роднаму, прашу.
Не шукай эпітэтаў замежных.
Каб душа кранулася душы,
Ты маёй натуры незалежнай
Словы беларускія скажы.
І ў журбе, і ў шчасці, і ў трывозе,
А таксама — на святой мяжы,
На апошняй для мяне дарозе
Слова беларускае скажы.
Каб маглі сустрэцца ў іншым свеце
У нязнаным, вечным тым віры
Душы нашы – кроплі дзве ў сусвеце, —
Ты па-беларуску гавары.