Праваслаўная царква лічыць жаночым днём Дзень жанчын-міраносіцаў, а не 8 Сакавіка

08 сакавіка 2011 16:13  |  Грамадства

Святары Беларускай праваслаўнай царквы раяць вернікам не парушаць Вялікі пост у сувязі са святам 8 Сакавіка і нагадваюць, што праваслаўная царква лічыць жаночым днём не 8 Сакавіка, а Дзень жанчын-міраносіц, які адзначаецца ў трэцюю нядзелю пасля Вялікадня.

«8 Сакавіка вельмі часта прыпадае на час Вялікага паста. Царква раіць вернікам у гэты дзень памятаць пра тое, што пачаўся саракадзённы пост», – паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у Менскім епархіяльным упраўленні БПЦ. Там адзначылі, што 8 Сакавіка – дзяржаўнае свята, якое прыйшло да нас з савецкіх часоў, а першапачаткова яно было задуманае як дзень барацьбы жанчын за свае правы, ініцыяванай у пачатку 20 стагоддзя сацыялістычнымі арганізацыямі жанчын-феміністак.

 

У епархіяльным ўпраўленні таксама адзначылі: «Нягледзячы на тое, што большасць людзей не задумваюцца над паходжаннем гэтага свята, а ўспрымаюць яго як нагоду падараваць жанчынам кветкі, усё ж неабходна памятаць, што, як правіла, 8 Сакавіка прыпадае на час Вялікага посту – самага строгага ў праваслаўі».

 

Датычна стаўлення БПЦ да жаночага свята, суразмоўцы агенцтва падкрэслілі, што праваслаўная царква лічыць жаночым днём не 8 Сакавіка, а Дзень жанчын-міраносіц, які традыцыйна адзначаецца ў трэцюю нядзелю пасля Вялікадня:

«Менавіта ў Дзень жанчын-міраносіц праваслаўная царква моліцца за здароўе і дабрабыт ўсіх жанчын. Царквой усталяванае і шануецца хрысціянскае свята ў гонар набожных жанчын».

Вялікі 40-дзённы пост у гэтым годзе пачаўся 7 сакавіка.

Болей навін