У цемры турмы КДБ Севярынец вывучае Біблію і піша сьветлы раман

10 сакавіка 2011 13:43  |  Галоўныя навіны

Маці сустаршыні аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Паўла Севярынца Тацяна Яўгенаўна Севярынец распавяла, што, мяркуючы па лістах, настрой яе сына нармалёвы, стан жа пакуль невядомы, паколькі яго даўно ніхто ня бачыў.

 

Як распавяла маці палітыка, у турме Павел піша працяг свайго раману, просіць перадаць яшчэ сшыткаў, разам з суседзямі вывучае Біблію. “Я зьвярталася да сьледчага з просьбай сустрэцца з сынам, але маю заяву са сьледчага камітэту перанакіравалі ў КДБ”, – паведаміла Тацяна Яўгенаўна.

 

“Я таксама падала заяву да сьледчага з просьбай на дазвол сустрэчы Паўла са сьвятаром. Зараз заява знаходзіцца ўва ўпраўленьні япархіі. Такую самую заяву Павал падаваў яшчэ месяц таму, хацеў паспавядацца і прычасьціцца перад постам, але яе не задаволілі. Калі сьледчы дазволіць, то трэба будзе зьвяртацца да настаяцеля храма, каб той накіраваў сьвятара да Паўла. Але зноў-такі сьледчы можа не задаволіць заяву, сказаўшы, што няма памяшканьня для споведзі”, – распавяла Тацяна Севярынец.

 

Маці палітыка таксама паведаміла, што 9 сакавіка падпісала дамову аб супрацоўніцтве з новым адвакатам Паўла Севярынца, згодна зь якой яна непавінна нічога распавядаць пра абаронцу свайго сына, каб не нашкодзіць яму.

 

Апроч таго, Тацяна Яўгенаўна распавяла пра раман “Сэрца сьвятла”, накіды якога яе сын перадаў ёй на мінулым тыдні. Зь яе словаў, раман пакуль што ўяўляе зь сябе эскіз на 84 старонкі, у ім няма звычайнага аповеду ў выглядзе сказ за сказам. “Я бачу, што гэта будзе сьветлы раман”, – паведаміла маці сустаршыні БХД, адзначыўшы, што ў дадзены момант чарнавікі раману знаходзяцца ў надзейным месцы.

Болей навін