З наваградзкім пастарам у КДБ шэсьць гадзінаў размаўлялі пра Бога
Уладзімір Качагур, сябра выбарчага штаба Віталя Рымашэўскага, удзельнік Плошчы, пастар царквы “Новае пакаленьне” пасьля наведваньня КДБ у Менску зрабіў выснову: там усё пра ўсіх усё ведаюць. Яго выклікалі ў Менск ў КДБ Беларусі пасьля таго, як ён адмовіўся даваць паказаньні чэкістам у Наваградку, паколькі тыя забаранялі пры гэтым прысутнічаць ягонай даверанай асобе.
Учора, 10 сакавіка ён прабыў у сьледчага шэсьць гадзінаў і павінен зьявіцца яшчэ і сёньня. Ягоная жонка Тацяна пачала турбавацца і нават тэлефанавала ў Менск, у КДБ, каб спраўдзіць: чаму мужа столькі часу трымаюць у сьледчага.
Са словаў Уладзімера Качагура, як ні дзіўна, найменш гаварылі са сьледчым пра Плошчу, амаль увесь час гутарылі пра Бога. Але найболей яго зьдзівіла дасьведчанасьць чэкістаў пра ўсіх і пра ўсё.
“Хаваць ад іх нешта бессэнсоўна. Яны ведаюць абсалютна ўсё і пра тое, хто там дзьверы разьбіў таксама. А ў мяне ў асноўным пыталіся пра Насту Палажанку – ці ведаю я яе? Я сказаў, што ведаю, ня стаў гэтага хаваць”, — распавёў наваградскі пастар. Зь ягоных словаў, сьледчы нават паказаў яму відэа з Плошчы, на якім добра быў бачны сам Качагур, але на гэтым акцэнт не рабіўся. Ніякага ціску, зь яго слоў, не аказвалася, наадварот, размова вялася прыстойна.
Сёньня ў КДБ выкліканая яшчэ адна наваградская актывістка, верніца гэтай жа царкоўнай супольнасьці Дар’я Бахар, на суботу — Сяргей Воўчак, на панядзелак — Юрась Казак. Раней іх тройчы выклікаліся ў праваахоўныя органы з мэтай дапытаць іх у справе падзеяў 19 сьнежня на Плошчы, але яны не зьяўляліся і пазьней судом Наваградзкага раёна былі асуджаныя за гэта на 200 тысячаў рублёў штрафу.
А яшчэ пазьней яны адмовіліся даваць паказаньні сьледчым Наваградзкай управы КДБ у гэтай жа справе без прысутнасьці пры гэтым іх давераных асобаў. Актывісты заяўлялі сьледчым, што такое права ім гарантуе Канстытуцыя Беларусі.
Вось што сказала ў інтэрв’ю Дар’я Бахар пасьля таго, як даведалася, што Уладзімер Качагура прабыў у КДБ аж шэсьць гадзінаў: “Я нічога не баюся, адзінае думаю, каб захоўвацца годна перад сабой і перад Богам”.