Таісію Кабанчук выклікаюць у міліцыю
Рэгіянальную каардынатарку аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” па Магілёўскай вобласьці Таісію Кабанчук і яшчэ трох дэмакратычных актывістаў Бабруйску выклікаюць у міліцыю 23 сакавіка а 17:00 да начальніка ОО ПІП Андрэя Мікалаевіча Малахава. Аднак у позьве, на якой няма якіх-небудзь пячатак, не паведамляецца, у якасьці каго іх выклікаюць. У міліцыі 22 сакавіка паведамілі: “Заўтра вам усё патлумачаць”.
22 сакавіка бабруйскія сябры БХД і АГП вырашылі раздаць улёткі, прысьвечаныя гісторыі стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Ад будынку кінатэатра “Таварыш” яны некалькімі групамі накіраваліся, раздаючы ўлёткі, у розныя бакі. “Людзі бралі іх з ахвотай”, – паведаміла Таісія Кабанчук.
Ля помніка бабру каля цэнтральнага рынку дзьве групы ў складзе чатырох чалавек (Таісіі Кабанчук, Максіма Рыжкевіча, Вольгі Піменавай і Галіны Сьмірновай) сустрэліся. Да іх адразу падышлі супрацоўнікі міліцыі з камэрай, якія іх затрымалі. “Пакуль мы ішлі да машыны нас здымалі на камэру”, – адзначыла рэгіянальная каардынатарка БХД.
“Нас даставілі ў гарадзкое аддзяленьне міліцыі, дзе хацелі скласьці пратакол апытаньня (менавіта апытаньня, а ня допыту), выпісаць позвы. Прачытаўшы ўлёткі, міліцыянты распачалі дыскусію. “Вы што супраць камуністаў?”, – спытаў адзін зь іх, хаця ўва ўлётках не было ні слова пра камуністаў”, – распавяла Таісія Карпаўна.
“Затым яны сышлі. Вярнуліся толькі за паўгадзіны да сканчэньня трох гадзін, дазволеных законам знаходжаньня ў міліцыі. Яны адразу пачалі выклікаць нас пісаць тлумачэньні. Першым выклікалі Максіма Рыжкевіча, затым – мяне. Бачачы, што часу застаецца мала, яны прапанавалі мне напісаць тлумачэньне за ўсіх, але я адмовілася. Я таксама не хацела пісаць тлумачэньне за сябе, бо ня мела пры сябе акуляраў і не магла спраўдзіць тэкст, які яны мелі мне даць пад подпіс. Але міліцыянты паабяцалі, што дадуць маім сябрам прачытаць яго мне. Тады я напісала, што выйшла з дому і пайшла ў накірунку рынку, дзе ўбачыла маіх сяброў, “дзе ўбачыла маіх сяброў, якіх вы са мной разам накіравалі ў міліцыю”, – паведаміла Таісія Кабанчук.
Пасьля ўручэньня позваў затрыманым далі чысты аркуш, на якім прапанавалі напісаць, што атрымалі іх. “Як высьветлілася, нас хацелі абвінаваціць паводле артыкулу 22 – распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных. Максіму Рыжкевічу ж пагражалі штрафам у 50 базавах велічынь”, – сказала кіраўніца аргкамітэту БХД па Магілёўскай вобласьці.