Рымашэўскаму зьмякчылі артыкул, тое ж чакае і Севярынца
Сустаршыню аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя”, экс-кандыдату ў прэзыдэнту Беларусі Віталю Рымашэўскаму 30 сакавіка прад’явілі новае абвінавачваньне паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”). Як паведамляецца, неўзабаве падобнае абвінавачваньне будзе прад’яўленае і другому сустаршыню БХД Паўлу Севярынцу.
Пакараньне паводле дадзенага артыкулу прадугледжвае штраф, або арышт на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьне волі на той самы тэрмін. Абвінавачваньне Віталю Рымашэўскаму было прад’яўленае падчас допыту, які распачаўся а 14:00.
“Мяне без якіхсьці тлумачэньняў выклікалі на допыт а 14-й гадзіне. Ніхто не папярэджваў, што падчас допыту мне будзе вынесенае абвінавачваньне. Нягледзячы на тое, што новы артыкул больш мяккі за папярэдні, гэта ня значыць, што рашэньне суду будзе законным і справядлівым. Той факт, што зьмянілі артыкул, па якім мяне абвінавачваюць, зьяўляецца для мяне нечаканасьцю, але я не лічу, што сытуацыя для мяне ці для “Беларускай Хрысьціянская Дэмакратыі” ў нечым зьмянілася. Працягваюць дзейнічаць ранейшыя неабгрунтаваныя прысуду ў дачыненьні да іншых удзельнікаў “справы 19 сьнежня”, – адзначыў сустаршыня БХД.
“Перамогай у справе вызвальненьня зьняволенных будзе ня зьмена артыкулаў, а цалкам апраўдальныя прысуды для ўсіх палітвязьняў. Я ня адчуваю асаблівай радасьці, бо за кратамі працягваюць заставацца беспадстаўна арыштаваныя людзі. А прысуд у дачыненьні да мяне, нягледзячы на зьмену артыкулу, можа быць максымальна жорсткім – да трох гадоў зьняволеньня”, – мяркуе Віталь Рымашэўскі.
30 сакавіка прад’явілі новае абвінавачваньне паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”). Як паведамляецца, неўзабаве падобнае абвінавачваньне будзе прад’яўленае і другому сустаршыню БХД Паўлу Севярынцу.
Нагадаем, 30 сакавіка сьледчым упраўленьнем папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму новае абвінавачваньне па 342-м крымінальным артыкуле акрамя Віталя Рымашэўскага прад’яўленае таксама экс-кандыдату Уладзімеру Някляеву, намесьніцы старшыні “Маладога Фронту” Насьце Палажанцы ды прадстаўнікам кампаніі “Гавары праўду” Аляксандру Фядуту, Сяргею Вазьняку і Андрэю Дзьмітрыеву.