Тацяна Севярынец сустрэнецца зь епіскапам Веніямінам

31 сакавіка 2011 16:54  |  Палітыка

 

Мітрапаліт Менскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт не сустрэўся з Тацянай Яўгенаўнай Севярынец, маці сустаршыні аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Паўла Севярынца. Але ён дабраславіў на гэтую сустрэчу епіскапа Барысаўскага, вікарыя Менскай епархіі Веніяміна. Сустрэча мае адбыцца а 18:00 31 сакавіка.

 

 

Як паведаміла Тацяна Яўгенаўна, падчас гутаркі яна зьбіраецца закрануць пытаньне сустрэчы са сьвятаром ня толькі яе сына, але і ўсіх вязьняў СІЗА КДБ, бо на дадзены момант паміж Праваслаўнай Царквой і КДБ дамова аб магчымасьці споведзі зьняволеных у СІЗА не падпісаная.

 

Гэтае ж пытаньне раніцай 31 сакавіка Тацяна Севярынец уздымала падчас сустрэчы з прадстаўніком генпракуратуры Пустушалам, які курыруе КДБ. “Учора я зноў падала заяву на магчымасьць сустрэчы Паўла са сьвятаром, бо пункт 102 артыкулу 10 правілаў унутранага распарадку СІЗА КДБ гэта дазваляе”, – адзначыла яна.

 

Таксама маці сустаршыні БХД распавяла аб сваёй сустрэчы з адвакатам сына, паводле словаў якога, Павал выглядае і трымаецца добра, перадае ўсім падзякі і віншаваньні. “У сваіх лістах ён да таго ж жадае ўсім працаваць і не здавацца, трымацца”, – падкрэсьліла Тацяна Яўгенаўна.

Болей навін