Вялікдзень за кратамі

25 красавіка 2011 07:57  |  Навіны

 

Да Паўла Севярынца да Вялікадня так і не пусьцілі сьвятара. Зьміцер Дашкевіч па-ранейшаму знаходзіцца на Валадарцы. Што нельга перадаваць вязьню Валадаркі на Пасху. Эдуард Лобаў даслаў першы ліст з Івацэвіцкай калёніі. Зьміцер Бандарэнка напярэдадні Вялікадня трымаў пост.  

 

Маці зьняволенага сустаршыні БХД Паўла Севярынца Тацяна нагадала, што да яе сына ўжо два месяцы не пускаюць сьвятара для споведзі. Напярэдадні Пасхі нічога не зьмянілася — у турму КДБ сьвятару нельга. Павал Севярынец звычайна спавядаецца праваслаўнаму сьвятару Петрапаўлаўскага сабора ў Менску. Напярэдадні Вялікадня Тацяна Севярынец, як і прасіў Павал, перадала яму пасахльную перадачу зь велікоднымі яйкамі.

 

Старшыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, таксама шчыры вернік, сустракае Вялікдзень на «Валадарцы». Ужо месяц мінуў, як моладзевага актывіста прысудзілі да 2 гадоў зьняволеньня нібыта за злоснае хуліганства.  Распавядае намесніца Дашкевіча ў «Маладым фронце» Наста Палажанка:

 

«Хлопец не апускае рукі і спрабуе праз скаргі паўплываць на той прысуд, які яму далі. Сустракаецца з адвакатам, рыхтуецца да касацыі». 

Ліставаньне са Зьмітром Дашкевічам, паводле Насты Палажанкі, ідзе зь вялікімі перапынкамі. Разгляд касацыйнай скаргі Зьмітра Дашкевіча на прысуд дагэтуль не прызначаны. 

 

Разам з Дашкевічам быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня ягоны аднадумца Эдуард Лобаў. Ужо два тыдні як Лобаў знаходзіцца ў 22-й калёніі ў Івацэвіцкім раёне. Маці актывіста Марына паведаміла, што днямі атрымала ліст ад сына: 

«Напісаў, што зь ім усё нармальна. Умовы там значна лепшыя за „Валадарку“, хаця ён яшчэ ў карантыне». 

 

Паводле Марыны Лобавай, яе сын з калёніі будзе спрабаваць дыстанцыйна паступіць на вучобу ў ВНУ. 

 

На Валадарцы дагэтуль знаходзіцца актывіст руху «За свабоду» Мікіта Ліхавід, якога асудзілі на 3,5 году зьняволеньня. «Мікіта выхоўваўся ў, праваслаўнай сям’і, дзе прытрымліваюцца рэлігійных традыцый. Мы паспрабавалі дапамагчы яму захаваць гэтыя традыцыі і ў турме, але ня ўсё ўдаецца», — паведаміла маці вязьня Алена. 

 

«23 красавіка перадалі Мікіту пасхальную перадачу. Адзінае, чаго ў нас не ўзялі для яго — фарбаваныя яйкі. Мы прасілі, угаворвалі, казалі пра сьвята, але — не дазволілі. Ён даслаў ліст, у якім піша, што шмат чытае, дзякуе за навучальную літаратуру, якую яму даслалі. Адзіная праблема, што ў камэры шумна, чытаць цяжка. Спрабавала перадаць яму бярушы — не бяруць, кажуць, мусіць усё чуць. Не паложана».

 

Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка — шчыры каталік і заўсёды трымаў перад Вялікаднем пост. Ці магчыма для яго гэта цяпер, ва ўмовах турмы КДБ «Амэрыканкі»? Жонка вязьня Вольга дакладна ня ведае, ці пасьціў муж гэтыя дні, але пэўныя высновы можа зрабіць:

 

«Разам зь ім у камэры было яшчэ два каталікі. Ён прасіў перадаць яму кашы, напісаў, што паспрабуюць трымаць пост. Хаця і лічыцца, што вязьні ў такіх умовах могуць пост не трымаць. Сьвятары гэта таксама пацьвярджаюць, але ён, відаць, спрабуе пасьціць.

 

Тым больш што тры разы запар напярэдадні не дазволілі яму перадаваць каўбасы — такім чынам, пэўна, пасьціць.»
Пра здароўе Зьмітра Банадрэнкі, у якога ў турме абвастрыліся хваробы суставаў, жонка вязьня паведаміла, што яму гэтак і не дазволілі прайсьці абсьледаваньне ў адмысловых лекараў. 

 

Нагадаем, суд над Зміцерам Бандарэнкам распачанецца 26 красавіка 10.00. Адрас суду Першамайскага раёна: Менск,вул. Талбухіна, 9

Болей навін