Іван Лагвіновіч. Малітва беларуса (верш)
Баранавіцкі паэт Іван Лагвіновіч адышоў з гэтага свету 29 сакавіка і пахаваны ў Малкавічах (Паўднёвае Панямонне). Прапануем верш з апошняй кнігі Івана Лагвіновіча, якая выйдзе пасмяротна.
Святы Божа, святы моцны,
святы несмяротны!
Пакажы нам шлях збавення –
годны, незваротны.
Абаронца справядлівы
і суддзя праўдзівы –
бездакорны, незаменны,
на ўвесь свет адзіны!
Ты – найпершы й найапошні,
Божа ўсюдыісны!
Бачыш нашага бязладдзя
выступы-крывізны.
Знаеш нашых змрочных думак
хібы і заганы,
як вакол няшчасцяў-бедаў
ходзім мы кругамі.
Заблудзіліся ў грахоўных
лабірынтах цемры:
кветку-папараць шукалі
ў зарасніках церняў.
Прымушалі нас маліцца
ідалам вар’яцкім,
зневажалі, выганялі
з цэркваў уніяцкіх.
Міласэрны, добры Божа!
Дай надзею – грэшным,
выведзі з палону здзекаў,
ацалі, суцеш нас;
бо Ты ведаеш, якія
мы панеслі страты
на шляху да лепшай долі,
да святла і праўды.
Уладару ўсёмагутны!
Будзь заўсёды з намі,
памажы на землях продкаў
стаць гаспадарамі.
Навучы на роднай мове
гаварыць і слухаць.
у імя Айца, і Сына,
і Святога Духа.
Амін.