У чацьвер 5 траўня паўторны прагляд фільма “Забіць сьвятара”

04 мая 2011 18:52  |  Галоўныя навіны

У чацьвер 5 траўня менская суполка аргкамітэту БХД запрашае на паўторны прагляд мастацкага фільма “Забіць сьвятара”, прысьвечанага легендарнаму польскаму ксяндзу часоў “Салідарнасьці” Ежы Папялушку. Паказ фільма пройдзе па адрасе пр. Машэрава, 8 у межах акцыяў абароны ўправы БНФ. Пачатак у 18-30. Шчыра запрашаем на прагляд і абмеркаваньне!

 

Забойства і міласэрднасьць, каты і ахвыры, нянавісьць і любоў, гвалт і негвалтоўны супраціў злу дабром. Сёньня пасьля апошняй жахлівай трагедыі ў Менскім метро, жорсткага разгону Плошчы-2010, у час рэпрэсіяў і несправядлівых судоў над нязгоднымі ў Беларусі прапануем паразважаць разам на гэтыя тэмы пасьля прагляду фільма рэжысёра Агнешкі Холанд “Забіць сьвятара” (1988). Прагляд гэтага фільма будзе карысны ня толькі дэмакратычны настроеным беларусам, але і супрацоўнікам спецслужбаў.

Гэты фільм заснаваны на гісторыі выкраданьня і жорсткага забойства польскімі спецслужбамі вядомага каталіцкага ксяндза Ежы Папялушкі, капелана і актыўнага прыхільніка незалежнага прафсаюза “Салідарнасьць”, які ў мінулым годзе быў беатыфікаваны Каталіцкім касьцёлам. Ролі выконваюць Крыстафер Ламберт, Эд Харыс, Джо Экленд, Цім Рот і іншыя. 

Болей навін