Павал Севярынец удзельнічаў у малітве за палітвязьняў ля Чырвонага касьцёлу (Фота)
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Павал Севярынец, якога 16 траўня вызвалілі пад падпіску аб нявыязьдзе, узяў удзел у штодзённай малітоўнай акцыі за палітвязьняў ля Чырвонага касьцёлу ў Менску. Дзень ягонага вызваленьня супаў таксама з днём салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі і семьямі зьніклых, які адзанчаецца дэмакратычнай супольнасьцю штомесяц.
“Гэта была адначасова і шараговая, і не шараговая акцыя. Павал прыйшоў напрыканцы малітвы. Усе віталі яго зь вялікай радасьцю. Раней мы маліліся за яго і цяпер мы бачым, што нашыя малітвы зьдзейсьніліся”, – адзначыла маці палітыка Тацяна Яўгенаўна.
“Кожны дзень пачынаючы ад 20 сьнежня а 8-й вечара мы молімся ля Чырвонага касьцёлу. Часам хтосьці з нас не прыходзіць, часам прыходзяць новыя людзі, але кожны дзень мы молімся. У нас ужо склаліся свае традыцыі, свой расклад. Мы молімся і за ахвяраў рэпрэсіяў, і за загінулых і пацярпелых ад выбуху ў мэтро, і за тых, хто ўжо адседзеў па палітычных матывах, і за тых, хто толькі чакае прысуду. Вельмі часта да нашых малітваў далучаюцца звычайныя мінакі. Да таго ж разам з намі заўсёды 3-4 чалавекі ў цывільным. Мы ня раз прапаноўвалі ім далучыцца да нас, але яны чамусьці ня хочуць. Толькі, калі мы апранаем бел-чырвона-белыя шалікі, яны падыходзяць бліжэй, патрабуюць, каб мы іх зьнялі, але іх ніхто ня слухае”, – адзначыла Тацяна Севярынец.
“Мы бачым, што ёсьць вынікі нашых супольных малітваў, а гэта значыць, што мы робім гэта недарма. Таму я б хацела запрасіць іншых людзей далучыцца да нашых малітваў, прыйсьці разам з намі і памаліцца. Таксама я заклікаю тых, хто па нейкіх прычынах ня можа далучыцца да нас, памаліцца за палітвязьняў дома, на працы ці ў царкве”, – падкрэсьліла Тацяна Яўгенаўна.