Апошняе слова Віталя Рымашэўскага: “Наша краіна павінна ўшанаваць сваіх пакутнікаў і абраць шлях жыцьця” (Аўдыё з суду)
“Я дзякую суду за прадстаўленую мне магчымасьць сказаць апошняе слова, спадзяюся, што апошнім яно будзе толькі ў гэтым працэсе, і я яшчэ здолею выказаць сваю думку ў горадзе Менску, у Беларусі, ну і ў увогуле, у гэтым сьвеце, у гэтым жыцьці.
Пачну я свой выступ са звароту. Прашу суд зьвярнуцца матэрыялаў справы, якая была агучаная ў гэтым судзе, да прагледжаных відэаматэрыялаў. І перадусім зьвяртаю ўвагу на тое, што калі мне было перакваліфікаванае абвінавачваньне з 293 на 342 артыкул, і сьледчы, калі мы прасілі яго далучыць да справы відэаматэрыялы, якія тычыліся Плошчы Незалежнасьці, сказаў, што гэта ўжо ня тычыцца матэрыялаў гэтай крымінальнай справы, што нам інкрымінуецца толькі тое, што было на Плошчы Кастрычніцкай і на прасьпекце Незалежнасьці.
Тым ня менш, мы бачылі відэаматэрыялы з маім выступам ля Чырвонага касьцёла на плошчы Незалежнасьці, і спадар пракурор у абвінавачваньні зазначыў, што нашы дзеяньні, у тым ліку і мае, прывялі да біцьця дзьвярэй Дома Ураду. Пры гэтым суд адмовіў у нашым хадайніцтве праглядзець тыя відэаматэрыялы, якія цалкам сьведчылі аб маёй дзейнасьці на плошчы Незалежнасьці, дзейнасьці іншых кандыдатаў, таксама якіх асуджаюць тут. Хаця гэтыя відэаматэрыялы былі прагледжаны ва ўсіх іншых судах, я ведаю. І калі судзілі кандыдатаў у прэзыдэнты Саньнікава, Статкевіча, то ім пракурор задаваў пытаньне, чаму ж на відэакадрах вас тут няма, вы не дапамагае Рымашэўскаму бараніць гэты няшчасны Дом Ураду. Ну ў такім выпадку, у сёньняшняй фармулёўцы абвінавачваньня, калі сьледзтва казала, што яно ўлічыла і мае дзеяньні, дык я па выніках нашай крымінальнай справы ўвогуле ня бачу прычынаў, чаму мне быў перакваліфікаваны артыкул з 293 і чаму мяне сёньня судзяць па 342-м
Мне сорамна ў такім выпадку за нашую судовую сістэму, сорамна і агідна ад яе. Я, можа быць, прашу прабачэньня ў пракурора і спадарыні судзьдзі, калі я іх асабіста пакрыўдзіў. Але прабачце, мне вельмі цяжка аддзяліць пагарду да той судовай сыстэмы, якая ў нас ёсьць, ад стаўленьня да чалавека, які вымушаны ў ёй працаваць і вымушаны рабіць тое, што ён робіць.
Далей я хачу адзначыць, праглядзеўшы ўсе відэаматэрыялы, азнаёміўшыся з судовай справай, некалькі істотных момантаў.
Першае. Нават у прагледжаных відэаматэрыялах мы мелі магчымасьць назіраць галаву калёны, якая рухалася па праспэкце Незалежнасьці. І ў гэтых відэаматэрыялах не было ані мяне на чале калёны, ані іншых людзей, якім сёньня інкрымінуецца, што мы ўзначальвалі рух калёны. Хаця ў абвінавачаньні гэта засталося па-ранейшаму.
Таксама хачу зьвярнуць увагу, што абвінавачваньне нейкім дзіўным чынам не заўважыла выступы сьведкаў з боку абароны, якія ня былі нічым аспрэчаныя, па маіх дзеяньнях і дзеяньнях Насты Палажанкі, якая ішла з намі яшчэ ад Прывакзальнай плошчы. Гэтыя людзі ясна сьведчылі пра тое, што мы, у адрозьненьне ад супрацоўнікаў міліцыі, рабілі ўсё магчымае для забесьпячэньня парадку на Плошчы, і падчас руху да Кастрычніцкай плошчы. І няма ніякіх падставаў, што мы рабілі нешта супрацьлеглае гэтаму пасьля.
Наадварот, абвінавачаньне спасылаецца на маю размову з Карзюком. Яшчэ раз прашу зьвярнуць увагу, што я там казаў, гэта ясна відаць на матэрыялах. Я прасіў у Карзюка забясьпечыць ня толькі бясьпечны рух людзей, але і рух транспарту. А вось спадар Карзюк, які загадаў выставіць ачапленьне, якраз перакрыў увесь праспэкт. Перакананы, што дэманстранты маглі абысьціся часткай праезднай часткі. Шматлікія мітынгі і дэманстрацыі даказваюць, што гэта магчыма. Тыым больш, што прасьпект Незалежнасьці досыць шырокі.
Гэтае судовае паседжаньне доўга шукала людзей, якія быццам бы арганізоўвалі натоўп, якія кіравалі людзьмі падчас руху на плошчу Незалежнасьці. Мне дзіўна, што сьледства і спадар пракурор не зьвярнулі ўвагу, што ў гэтых матэрыялах справы ёсьць чалавек, які сам сьведчыць пра сябе, што ён ішоў на чале калёны на працягу ўсяго шэсьця і перакрываў рух транспарту – гэта Д.М. Карзюк. Ён даваў загадзя хлусьлівыя паказаньні, бо толькі ён сьведчыць, што мы ішлі на чале калёны. Ён ня толькі даў хлусьлівыя паказаньні, але і не зьявіўся ў суд. Магчыма, ён зараз па-за межамі Беларусі якраз і атрымлівае зараз ад заходніх спонсараў ганарар за арганізацыю Плошчы. Прашу прыцягнуць яго да адказнасьці і устанавіць яго месца знаходжаньня.
Пра абставіны затрыманьня. Мяне вялі такім чынам, што я ўвогуле ня ведаў, дзе я знаходзіўся, ня бачыў ні ўваходу, ні кабінету. Мяне завялі, паклалі тварам на стол. Я сказаў, калі я ў СІЗА КДБ, гэта для мяне вялікі гонар, бо ў 30-я гады ў гэтых сьценах знаходзіліся і было закатаваныя вельмі шмат годных беларусаў, якіх я ня варты ні на кропку. Я меў гонар далучыцца хаця б да тых умоваў, у якіх трымалі іх.
Я спачуваю судзьдзі і пракурору, бо вельмі б не хацеў знаходзіцца на вашым месцы. Я ганаруся, што знаходжуся на лаве падсудных зь вядомым паэтам і іншымі годнымі людзьмі. А вы маеце няшчасьце іх судзіць. Я асабіста разумею, у якіх абставінах вы знаходзіцеся, і я асабіста дарую любы прысуд. Але ведайце, што несправядлівы суд адзін з самых цяжкіх грахоў на гэтым сьвеце ад пачатку яго стварэньня.
Я ня ведаю, што горш: пазбавіць жыцьця, ці пазбавіць чалавека веры ў правасудзьдзе, веры ў чалавека, забіць у чалавеку веру. Я спадзяюся, што калісьці гэтая вера будзе вернутая на нашай зямлі.
Плошча. Наіўныя, вы інкрымінуеце нам, што мы выводзілі людзей на Плошчу, што дзякуючы маім заклікам людзі выйшлі на Кастрычніцкую плошчу. Так, я меў гонар запрашаць людзей на Плошчу. Наіўным будзе чалавек, які будзе думаць, што гэта яго заклікі прывялі людзей на Плошчу. І ў 2001, і ў 2006, і ў 2010 на Плошчу людзей прывяла прага да свабоды, праўды і справядлівасьці. Яны выйшлі змагацца за нашу і вашу свабоду, спадар судзьдзя і спадар пракурор, свабоду для ўсіх людзей у нашай краіне. Выйшлі, каб змагацца са страхам, хлусьнёй і беззаконьнем, якія пануюць у гэтай краіне.
Так, магчыма, туды прыйшлі розныя людзі. Я дапускаю, што нехта быў у стане алькагольнага апьяненьня, але адзінкі, такія людзі бываюць паўсюль. Праваахоўчыя органы ўсіх краінаў таксама дасылаюць сваіх супрацоўінкаў, апранутых у цывільнае, каб яны знаходзіліся ў натоўпе людзей. Адпаведныя оргвысновы наконт недапушчальнасьці расьпіцьця алкагольных напояў на працы павінны зрабіць МВД і іншыя сьпецслужбы, таму што невядома, хто былі гэтыя людзі, ці гэта былі простыя дэманстранты, ці тыя, хто прыйшоў туды на працу.
Тое, што зараз адбываецца ў краіне, зразумела, на што накіравана. Масавыя рэпрэсіі, жорсткія прысуды накіранаваныя на тое, каб людзі больш не прыйшлі на Плошчу. Але я думаю, што дзякуючы судовым працэсам, якія адбыліся пасьля 19-га, у наступны раз, пасьля наступных выбараў людзей на плошчы будзе ня менш, а болей, незалежна ад таго, ці заткнуць рот Рымашэўскаму, Саньнікаву, Някляеву. Паўтаруся, людзей на Плошчу выводзіць вера ў тое, што праўда і справядлівасьць можа ў гэтай краіне перамагчы. І я ведаю, што гэтая вера будзе жыць, і людзі будуць выходзіць на Плошчу пасьля наступных выбараў да тых часоў, пакуль выбары ня стануць свабоднымі, каб выразіць свой пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў, у сумленнасьць якіх ня вераць нават ні судзьдзі, ні пракуроры.
А пасьля таго, як мы даможамся свабодных і справядлівых выбараў, людзі ўсё адно будуць выходзіць на Плошчу, у памяць аб гэтых акцыях пратэсту, маючы добрую традыцыю сьвяткаваць сумленнасьць і перамогу свабоды і справядлівасьці ў нашай краіне. За нашу і вашу свабоду змагаемся мы і змагаліся тыя людзі, якія выйшлі на Плошчу 19 сьнежня.
І пра гэта кажа гісторыя. Засьценкі КДБ у 1936, 1937, 1938 памятаюць ня толькі тых нявінных людзей, рэпрэсаваных расстраляных супрацоўнікамі НКВД, але і тых энкавэдзістаў, якія ў 37-м расстрэльвалі іншых, а ў 38-м іх калегі расстралялі іх саміх.
Я думаю, нам трэба вывучыць гэтую гісторыю і ніколі яе не паўтараць. Я чуў ад маіх калег, што трэба ствараць міты пра Плошчу. Ня трэба ствараць міты пра Плошчу. Беларусы вартыя таго, каб ведаць праўду пра Плошчу. Ім ёсьць чым ганарыцца і няма чаго хаваць.
Мне спадар пракурор папрасіў умоўны тэрмін, але пасьля майго вызваленьня з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе, я за гэтыя месяцы добра адчуў, што гэта за ўмовы. Таму добра разумею, што свабодны я буду ў гэтай краіне толькі тады, калі праўда, свабода і правасудзьдзе будуць у ёй панаваць. Ня маю ілюзіяў, што гэтыя ўмовы свабоды ў выглядзе сачэньня, паклёпаў дзяржаўных СМІ будуць працягвацца. Ня будзе бясьпекі ні для мяне, ні для маёй сям’і, пакуль краіна наша ня стане свабоднай.
Паўтару, што сказаў ад пачатку, я адчуваю сваю віну за тых хлопцаў, у асноўным маладых, якія атрымалі 3-4 гады і будуць адбываць пакараньне у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Іх тэрміны — гэта таксама і мае тэрміны. Не лічу пакараньне справядлівым і буду рабіць усё магчымае, калі, канечне, застануся на свабодзе, каб гэтыя людзі выйшлі з-за кратаў. Таму што гэта патрэбна для свабоды, ня толькі гэтых людзей, але існуючай улады. Варта вызваліцца ад ўлады хлусьні і страху. Бо той хто пужае, як вядома, сам найбольш і баіцца.
Папярэджаньні і пагрозы адносна мяне падчас кампаніі былі неаднаразова. Калі 19-га сьнежня мы ішлі на Плошчу, прыйшла інфармацыя, што зьбіты ці забіты Някляеў. І мяне запыталіся журналісты, што мы будзем рабіць далей. І я адказаў, што калі мы сёньня спужаемся шумавых гранатаў, заўтра нас будуць страляць з рэвальвэраў.
Я вельмі ўдзячны дзясяткам тысячаў людзей, якія не спужаліся ні 19-га ні пасьля, я дзякую сотням тысячаў веруючых, якія зараз моляцца па ўсёй Беларусі за ўсіх зьняволеных, я хацеў бы быць хоць колькі-нібудзь годным гэтых малітваў і гэтага даверу людзей.
Свабодныя выбары. Нам закідаюць надуманыя прычыны несвабодных, недэмакратычных выбараў у Беларусі. Я думаю, што каментары тут непатрэбныя, бо ведаю, што сама ўлада сама ня верыць у афіцыйныя лічбы выбараў. На судовым працэсе неаднаразова былі прыведзеныя публікацыі нават афіцыйных СМІ, спасылаючыся нават на НІСЭПІ, дзе дзеючаму прэзідэнту аддаецца 51,5%, хаця паводле афіцыйнай версіі 90%. Мы даможамся свабодных і справядлівых выбарах, але гэтага мала. На свабодных і справядлівых выбарах у Нямеччыне быў абраны Гітлер. Найперш нам важна выбраць тыя каштоўнасьці, на якіх мы будзем будаваць гэту краіну.
Я не лічу сябе больш годным за іншых, у тым ліку спадарыню судзьдзю і пракурора. Дзьверы цэркваў адчыненыя, і судзьдзя, пакаяўшыся, зможа стаць у будучыні кіраўніком аркамітэту БХД.
Я не лічу сябе больш годным ці вартым за іншых ,у тым ліку за спадарыню судзьдзю і пракурора. Дзьверы цэркваў адчыненыя, і судзьдзя, пакаяўшыся за свае ўчынкі, перакананы, магла б стаць у будучыні сябрам ці можа кіраўніком аргкамітэту БХД у будучым, як і кожны чалавек, і можа быць больш годным і лепшым за мяне.
Беларусы толькі тады змогуць жыць шчасьліва, калі мы адмовімся ад усялякіх ідалаў, у якіх мы верым, якім мы самі сабе ствараем. Несумяшчальнае ўшанаваньне Курапатаў, дзе забілі сотні тысячаў мірных людзей, з помнікамі Дзяжынскаму, які забіваў гэтых людзей. Разьдзіраюць нашую краіну ня пункры заканадаўства аб свабодных выбарах, ці крымінальнага кодэксу. Сутнасная барацьба ідзе якраз за гэтыя каштоўнасьці, на каго мы будзем арыентавацца. Вось шлях жыцьця пакутнікаў за веру і бацькаўшчыну, які вядзе да шчасьлівага жыцьця тут, у нашай краіне, і жыцьця вечнага пасьля сьмерці, і шлях сьмерці тых, хто забівае і ўшаноўвае памяць забойцаў.
Я прапаную ўсім тут прысутным, па абодва бакі лаваў, і тым, хто слухае аўдыёзапісы, добра падумаць, які шлях выбраць. Нашая краіна павінна ўшанаваць сваіх пакутнікаў і абраць шлях жыцьця.
Аўдыё радыё “Свабода”