Шэін пра прысуд Статкевічу і іншым палітвязьням: Лукашэнка паводзіць сябе па-пірацку
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя” Аляксей Шэін, які 26 траўня прыйшоў у суд Ленінскага раёну Менска, каб падтрымаць былых кандыдатаў у прэзыдэнты Міколу Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, а таксама іншых дэмакратычных актывістаў, асудзіў вынесеныя ўсім ім прысуды. “Таму гэта вельмі цынічны, вельмі прагматычны, пірацкі крок”, – сказаў ён.
“Лукашэнка заўсёды прыхільна ставіўся да краінаў Паўночнай Афрыкі. І тое, што мы назіраем зараз – гэта перайманьне самых горшых палітычных традыцый гэтых краін. Гэта вельмі нагадвае тое, чым займаюцца самалійскія піраты: захопам закладнікаў і выменьваньнем іх на грошы. Зразумелда, што тактыка гэта старая, для нас яна ня новая. Але, на жаль яна такая, якая ёсьць”, – адзначыў Аляксей Шэін.
Нагадаем, што суд вынес актывістам наступныя прысуды: Міколу Статкевічу 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Дзьмітрыю Вусу — 5,5 з паловай гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Аляксандру Класкоўскаму — 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Арцёму Грыбкову — 4 гады пазбаўленьня волі з прымусовым лячэньнем ад алькагалізму, Аляксандру Квяткевічу — 3,5 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму, Дзьмітрыю Буланаву — 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму, Андрэю Пазьняку — 2 гады абмежаваньня волі.