Прыхільнікі БХД зьбіралі подпісы за будаўніцтва храма на месцы масавай згубы ваеннапалонных
Каля 20 прыхільнікаў “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” у Гомелі 26-29 траўня правялі збор подпісаў за будаўніцтва храма (царквы ці капліцы) на месцы масавай згубы савецкіх ваеннапалонных узімку 1941-1942 гадоў. Ініцыятарам акцыі выступіў абласны каардынатар аргкамітэту БХД Юры Клімовіч.
Зь яго словаў, у акцыі мэтанакіравана былі задзейнічаны толькі прыхільнікі БХД, а не сябры аргкамітэту, каб супрацоўнікі КДБ не маглі вызначыць удзельнікаў збору подпісу. “Што ў прынцыпе і адбылося. Бо, мяркуючы па ўсім, гэбісты змаглі апазнаць толькі мяне і яшчэ адну жанчыну”, – адзначыў Клімовіч.
Акцыя не насіла палітычнага зарактару. Яе правядзеньне было ўзгоднена з кіраўніцтвам Гомельскай і Жлобінскай праваслаўнай япархіі ды з намесьнікам кіраўніка ўпраўленьня архітэктуры і горадабудаўніцтва Гомельскага гарвыканкаму Раманам Аўтуховым.
Збор подпісаў было вырашана не асьвятляць загадзя ў прэсе, ён праводзіўся да таго моманту, як у гомельскім друку зьявіўся зь ініцыяваны КДБ пасквіль на Юр’я Клімовіч.За чатыры дні ўдалося сабраць 401 подпіс за будаўніцтва храма у гонар загіблых ваеннапалонных.
“Подпісы пад ініцыятывай паставілі прыкладна 80% людзей, да якіх мы зьвярталіся. Мы перадалі іх усе ў канцылярыю япархіі, каб царкоўныя ўлады ўжо самі разьбіраліся з гарвыканкамам. Сёньня ўлады вельмі неахвотна ідуць насустрач цэрквам, у тым ліку праваслаўнай. Такім чынам, мы проста прапанавалі Праваслаўнай царкве свае паслугі ў справе вырашэньня ўжо даўна насьпелага пытаньня”, – паведаміў Юры Клімовіч.
Узімку 1941-1942 гадоў на тэрыторыі Гомельскага цэнтральнага перасыльнага лягеру ваеннапалонных ДУЛАГ-121 загінула прыкладна 100 тысяч чалавек. Кожны дзень памірала каля 1000 чалавек, якіх хавалі тут жа. Брацкія магілы да сёньня ня маюць афіцыйнага статусу пахаваньняў. Іх канкрэтнае месцазнаходжаньне было страчана. Вельмі часта пры будаўніцтве дамоў эскватары адкопваюць косткі і целы загігулых. У 2010 год адбыўся скандал, калі рэшткі людзей папросту выкінулі на сьметнік.
“Душы памерлых дагэтуль ня могуць знайсьці сабе супакаеньня. Грэх забыцьця памяці загінулых мусіць быць адкуплены. Ня можа быць міру, дабрабыту і духовага здароўя ў дамах, якія стаяць на братэрскіх могілках. Гэта патрэбна нашым дзецям і ўнукам”, – падкрэсьліў Юры Клімовіч.
Ён таксама дадаў, што пытаньне ўшанаваньня памяці былых ваеннапалонных у Беларусі цалкам мэтазгодна было б вынесьці на бліжэйшае паседжаньне Нацыянальнай Рады аргкамітэту БХД.