1 чэрвеня адбудзецца традыцыйны канцэрт «У абарону жыцця»

31 мая 2011 19:09  |  Грамадства

1 чэрвеня ў КЗ “Менск” пройдзе штогадовы канцэрт-акцыя “У абарону жыцця!”. Мерапрыемства праводзіцца ў сёмы раз і прымеркаванае да міжнароднага Дня абароны дзяцей.

Арганізатары  штогадовага канцэрту-акцыі ставяць за мэту прыцягнуць увагу грамадства да праблемы абортаў і каштоўнасці сям’і. Колькасць тых, каму неабыякавыя жыцці ненароджаных дзяцей, з кожным годам расце, а узровень правядзення канцэрту павялічваецца.

 

На працягу сямі год праект “У абарону жыцця!” падтрымлівалі такія вядомыя выканаўцы, як  “Novi  Ierusalim”, “Spasenie”, “Псальмяры”, “Snooze”, “Эдэм”, Corriana, Саша Нільс, DJ Free Soul, рэп-гурт “Честное Слово”, “J.Style”, “Антывірус” і іншыя. Музыкі ўпэўненыя, што сваёй творчасцю дапамогуць спыніцца тым, хто жадае ці нават плануе зрабіць аборт. 

 

Традыцыйным для акцыі стала таксама супрацоўніцтва з арганізатарамі конкурсу дзіцячых малюнкаў “Свет з марай”. Абвяшчэнне вынікаў конкурсу і ўзнагароджанне асноўных пераможцаў адбудзецца 1 чэрвеня падчас канцэрту.

 

Мюзікл “Маё сэрца б’ецца” і яго працяг, музычны спектакль “Увага! Жыцце!”, паказаны ў межах праекта летась, спадабаўся шматлікім гледачам, як сталым, так і дзецям. Рэжысёр канцэрту Алена Сітнік распавядае: “Я была вельмі ўзрушаная, калі даведалася, што падчас спектакля ў зале плакалі нават мужчыны. Мы проста абавязаныя ўзняць свой голас у абарону ненароджаных дзяцей, паказаць, што дзеці – гэта Божы дар, які трэба прымаць з падзякай і адказнасцю”.

 

Канчатковая праграма канцэрту пакуль трымаецца ў сакрэце. Але, як удалося даведацца, гледачоў чакае некалькі неспадзяванак. Напрыклад, выступ Аляксандра Патліса, а таксама Данііла Казлова, удзельніка дзіцячага “Еўрабачання-2010” ад Беларусі. 

 

Канцэрт пройдзе ў канцэртнай зале «Менск». Пачатак у 19.00. Набыць квіткі можна ў распаўсюднікаў і касе канцэртнай залы. Дадатковая інфармацыя па тэлефонах:

 

+ 375 29 125 77 35, +375 29 773 40 89,

 

а таксама на сайце http://mirsmechtoi.org/savelife.html.

Болей навін