Сёння Узнясенне

02 чэрвеня 2011 16:10  |  Грамадства

Сёння ў Праваслаўнай Царкве адно з 12-ці вялікіх святаў. Гэта рухомае свята, якое заўсёды адзначаецца ў чацвер на 6-м тыдні пасля Вялікадня. Свята было ўстаноўлена ўжо ў апостальскія часы для ўшанавання слаўнага Узнясення Хрыста на неба.

 

Ісус Хрыстос шмат разоў прадказваў Сваё ўзнясенне на неба. Сорак дзён пасля свайго Уваскрэсення ён знаходзіўся на зямлі, з’яўляючыся сваім вучням і апосталам, рыхтуючы іх для прыняцця Духа Святога і будучай пропаведзі Евангелля.

 

Сорак дзён прайшло ад Вялікадня да Узнясення. Сорак дзён Госпад знаходзіўся са сваімі вучнямі, навучаючы іх таямніцам Нябеснага Царства. Да Уваскрэсення Хрыстова гэтыя таямніцы былі б для іх незразумелыя і недаступныя. Лік 40 сімвалізуе час духоўнага выпрабавання і зямное жыццё. Сорак гадоў Майсей вёў народ па пустыні ў зямлю запаветную. Сорак дзён пасціўся Ісус Хрыстос перад Евангельскай пропаведдзю. 

 

Узнясенне было неабходнае, каб Сын Божы стаўся пасярэднікам паміж Богам і людзьмі. Ён развітаўся з вучнямі, але даручыў ім заданне евангелізацыі свету. Апошнімі Ягонымі словамі былі: „Я з вамі праз усе дні да канца свету”( Мацьв. 28, 20). Царква прыняла гэтыя словы як абяцанне пастаяннай апекі над светам, бо Хрыстос, не зважаючы на свой адыход, увесь час прабывае з вернікамі. Гэта было радаснае развітанне, якое пацвердзіла праўдзівасць Ягоных слоў і дзеянняў, якое падсумавала выкананую місію Хрыста і пацвердзіла Ягоную боскасць.

Напярэдадні свята Узнясення завяршаецца Пасхальны перыяд, цягам якога ў Царкве гучэлі пасхальныя спевы, а вернікі віталі адзін аднога святочным воклічам « Хрыстос Уваскрос»

Болей навін