Дзмітрук: рост коштаў на паліва – яшчэ адзін крок да гіперінфляцыі

07 чэрвеня 2011 14:54  |  Галоўныя навіны

Адказны за эканамічныя пытанні сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Георгі Дзмітрук пракаментаваў сітуацыю з чарговым ростам коштаў на паліва. Паводле ягоных словаў, гэтае падвышэнне стала “яшчэ адным крокам да гіперінфляцыі”.

 

“Калі цэны на найбольш важныя тавары будуць і надалей даганяць даляр, мы немінуча прыйдзем да гіперінфляцыі. Улады намагаюцца выцягнуць гандлёвы баланс краіны за кошт простых грамадзянаў. Падаецца, яны не спыняцца ні перад  чым і будуць надалей залазіць у кішэню да падаткаплатнікаў. Рост цэнаў на паліва спрычыніцца да росту цэнаў на ўсе тавары, асабліва на сельскагаспадарчую прадукцыю. Будуць даражаць цукар, бульба, грэчкі і іншыя тавары, паколькі ў нас у кошты у сельскай гаспадарцы ў значнай ступені складаюцца менавіта з коштаў на энэргарэсурсы. Таму ня трэба будзе здзіўляцца росту цэнаў нават на мясцовыя прадукты, бо даражэць будзе ўсё, і даражэць будзе неабгрунтавана”, – адзначыў эканаміст.

 

“Нельга выцягнуць краіну, выцягваючы толькі нафтапераапрацоўку. Варта было б захаваць старыя кошты на паліва, каб неяк стабілізаваць сітуацыю ў краіне. Так, людзі б працягвалі скупаць яго і, магчыма, нават вывозіць за межы, але гэта б не паўплывала моцна на агульнае становішча. У НПЗ ёсць аграмадныя рэсурсы, каб скараціць свае неабсяжныя апетыты”, – падкрэсліў Георгі Дзмітрук.

Болей навін