8 чэрвеня адбудзецца развітаньне з Уладзімірам Конанам

07 чэрвеня 2011 19:34  |  Грамадства

Развітанне з філосафам, навукоўцам, літаратарам Уладзімірам Конанам адбудзецца ў сераду, 8 чэрвеня. Грамадзянскае разьвітаньне пачнецца ў 10.00 у актавай залі Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук (вул. Сурганава, д. 1, корп.2). А адпяваньне адбудзецца 11.30 у царкве Св. Пятра і Паўла на Нямізе. 

Пакуль няма дакладнай інфармацыі пра тое, дзе будзе пахаваны Уладзімір Конан. Папярэдне мяркуецца, што яго пахаваюць на Паўночных могілках Менска, але сябры і вучні спадара Уладзіміра робяць усё магчымае, каб атрымаць дазвол пахаваць яго на Маскоўскіх могілках, дзе супачываюць знакамітыя дзеячы Беларусі.

Конан Уладзімір нарадзіўся 23.04.1934 г. у вёсцы Вераскава Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласьці ў сялянскай сямьі.
У 1952 г. скончыў Вераскоўскую сярэднюю школу, працаваў у школе і ў мясцовым калгасе. У 1954 г. паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Пасля заканчэньня ўніверсітэту (1959) – настаўнік, а з 1960 г. – дырэктар Стражоўскай васьмігадовай школы Вілейскага раёна. 

 

Пасьля заканчэньня аспірантуры пры Інстытуце філасофіі і права АН БССР (1964) – навуковы супрацоўнік, затым загадчык сектара эстэтыкі і сацыяльнай псіхалогіі, з 1986 г. – вядучы навуковы супрацоўнік гэтага інстытуту. Доктар філасофскіх навук. Сябра Саюза пісьменьнікаў Беларусі з 1982 г.

Дасьледчык пытаньня гісторыі і тэорыі эстэтыкі і літаратуразнаўства Беларусі. Першы артыкул надрукаваў у 1963 г. (часопіс «Весці АН БССР»). Пісаў на беларускай і расейскай мовах. У перыядычным друку выступаў з артыкуламі пра творчасьць беларускіх пісьменьнікаў. З пачатку 90-х гадоў дасьледваў біблійныя матывы ў беларускай літаратуры.

 

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1984) за цыкл калектыўных даследаванняў па гісторыі філасофіі і грамадскай думкі Беларусі. 

Праваслаўны хрысціянін. Сябра праваслаўнага брацтва Трох віленскіх пакутнікаў. 

 

Біяграфія паводле сайту саюза пісьменьнікаў

Болей навін